Дваццаць гадоў таму, 3 чэрвеня 1988 году сьвет даведаўся праўду пра Курапаты. Гэта стала магчымым дзякуючы публікацыі ў газэце «Літаратура і мастацтва» артыкулу Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». Артыкул меў велізарны рэзананс. На той хвалі сталі вядомыя новыя месцы масавых расстрэлаў саветамі.

Гісторыю пра тое, як стала вядомым яшчэ адно месца бальшавіцкіх злачынстваў у Менску, а менавіта — на тэрыторыі сучаснага парку Чалюскінцаў, распавядае журналіст Раман Якаўлеўскі.

Яшчэ не аціх розгалас ад артыкулу «Курапаты — дарога сьмерці», а пісьменьнік Васіль Хомчанка (1918—1992), супрацоўнік пракуратуры ў адстаўцы, вырашыў надрукаваць у «ЛіМе» артыкул пра масавыя расстрэлы на тэрыторыі сучаснага парку Чалюскінцаў. Называўся ён «Прагулка па парку з пракурорам». У ім, са словаў былога пракурора, непасрэднага сьведкі экзэкуцыяў, падрабязна апісваліся працэдура і месца расстрэлаў у лесе, на ўскрайку Менску – на месцы, дзе цяпер уласна і месьціцца парк Чалюскінцаў. Завярстаны тэкст быў ужо адвезены ў галоўную рэспубліканскую друкарню (сёньняшні Дом друку). Аднак надрукаваць яго не пасьпелі, бо, нібыта, сапсавалі форму. Як стала вядома пазьней, артыкул не прайшоў цэнзуры ЦК КПБ. Магчыма, каб не нарабіць лішняга шуму вакол чарговага адкрыцьця, быў задзейнічаны «тэхнічны» варыянт.

Знаёмыя супрацоўнікі друкарні вынесьлі з цэху фотаплястыны з тэкстамі В.Хомчанкі і З.Пазьняка — нумар за 2 верасьня 1988 г. мусіў працягнуць тэму Курапатаў.

Каб артыкул дайшоў да чытачоў, было вырашана надрукаваць яго па‑расейску ў газэце Латыскага Народнага Фронту «Атмода» («Абуджэньне») (у той час Раман Якаўлеўскі зьяўляўся ўласным карэспандэнтам газэты — «НН»). Літаратурны пераклад на расейскую мову зрабіў Віктар Навуменка, які тады працаваў у НДІ ўжытковых фізычных праблемаў БДУ.

Віктар Іванавіч да ўсяго меў уласны досьвед у стварэньні самвыдату — разам з Р.Якаўлеўскім выдаваў часопіс «Грамадзянін» на расейскай і на ангельскай мовах. У Беларусь трапілі каля 200 асобнікаў латыскай газэты. «Прагулка па парку з пракурорам» хутка стала тэмай для гутарак у незалежніцкім асяродку.

Сам аўтар артыкулу быў зьдзіўлены, калі пабачыў яго ў перакладзе на расейскую мову, бо нікому таго не даручаў. Пазьней у парку зьявілася каплічка ў памяць закатаваных, побач зь якой з таго часу штогод на лістападаўскія Дзяды запальваюцца зьнічкі.

Запісаў Сямён Печанко

***

Прагулка па парку з пракурорам

З падпалкоўнікам юстыцыі ў адстаўцы Міхаілам Абрамавічам я знаёмы даўно. Мы шмат гадоў служылі разам у Менскім гарнізоне — ён у ваеннай пракуратуры, я — у трыбунале. Часта ён удзельнічаў у судовых працэсах, на якіх я старшыняваў. І, трэба сказаць, я заўсёды быў рады, калі яго вылучалі абвінаваўцам у разгляданых мною справах. Кваліфікаваны юрыст Міхаіл падыходзіў да кожнай справы і кожнага падсуднага толькі зь меркай справядлівасьці і гуманнасьці, рашуча адмаўляўся падтрымліваць абвінавачваньне па эпізодах, якія ня мелі цьвёрдых доказаў. Меркаваньні яго і маё, як правіла, супадалі і ў кваліфікацыі злачынных дзеяньняў падсуднага, і ў меры пакараньня. Допыты падсудных, пацярпелых, сьведак ён вёў умела, разумна, часам дасьціпна. Гэтак жа кваліфікавана ён праводзіў і папярэдняе сьледзтва, дапамагаючы сьледчым разблытваць, здавалася б, безнадзейныя справы. Адным словам, Міхаіл Абрамавіч быў сапраўдным юрыстам і мог бы займаць значна больш высокую пасаду, чым тую, якую займаў. Франтавік, адзначаны многімі баявымі ўзнагародамі, з даваенным партыйным стажам, ён аддаў вайсковай службе больш за трыццаць гадоў.

Нам здавалася тады, што мы ведалі адзін пра аднаго ўсё. Мы і сапраўды шмат пра сябе расказвалі, але гэта былі аповеды ў асноўным пра вайну, вучобу і, безумоўна, пра розныя крымінальныя гісторыі і юрыдычныя казусы, зь якімі кожнаму з нас даводзілася сустракацца па службе. Аднак у нас былі і свае таямніцы, пра якія мы тады маўчалі, хавалі. Асабліва сваю таямніцу хаваў я.

Жыў я тады насупраць парку Чалюскінцаў, куды часта заходзіў пасядзець сярод соснаў. Аднойчы, кіруючыся ў гэты парк, я сустрэў Міхаіла Абрамавіча і запрасіў яго прагуляцца па паркавых дарожках. Ён адмовіўся.

— Не люблю гэты парк, — сказаў ён, — абмінаю яго.

— Сасновы дух не пераносіш?

— Ды не, замяўся ён, — тут скрозь магілы. Не магу па людзкіх касьцях хадзіць.

Я чуў, што ў час акупацыі немцы расстрэльвалі ў парку нашых людзей, і падумаў, што Міхаіл Абрамавіч меў на ўвазе іх магілы. Гаворка тады на гэтую тэму не прадоўжылася, а пасьля і забылася.

За мяне Міхаіл Абрамавіч старэйшы на пяць гадоў, і армейскі стаж у яго даўжэйшы — прызываўся ён яшчэ ў трыццаць пятым з родных сваіх Плешчаніц, дзе нарадзіўся, жыў, скончыў школу. А прызвалі яго на тэрміновую службу ў войскі наркамату ўнутраных справаў. Расказаў, што, будучы на той службе, ахоўваў унутраную турму з палітычнымі вязьнямі, канваіраваў арыштаваных на суд — рабіў тое, што рабілі і робяць вайскоўцы гэтага войска.

Неяк, шпацыруючы Ленінскім праспэктам, мы апынуліся каля будынку Міністэрства ўнутраных справаў рэспублікі. Міхаіл Абрамавіч павярнуў на вуліцу Ўрыцкага, празь некалькі крокаў спыніўся і паказаў на бэтонныя выступы‑парожкі каля сьцяны будынку.

Людзей было тут напхана, як селядцоў у бочцы

— Вось тут у трыццатыя гады былі вокны з кратамі. А ўнізе — падвальныя камэры, дзе сядзелі арыштаваныя, так званыя ворагі народу. А я, шараговец, вартаваў гэтыя вокны. Хадзіў зь вінтоўкай каля вокнаў па тратуары. Калі, часам, там, у камэры, зашумяць, я прыкладам аб тратуар пагрукаю, каб сьціхлі. Гэта было ў 1936—1937‑х гг., — расказваў Міхаіл Абрамавіч. — У тых падвальных камэрах я ня быў, ня ведаю, вялікія яны ці малыя, але ведаў, што людзей туды было напхана як селядцоў у бочку. Дзень і ноч з тых вокнаў ішла пара, як з лазьні.

Вось цяпер я і вярнуся да сваёй таямніцы, якую я хаваў і ад Міхаіла Абрамавіча. У адной з тых падвальных камэр у красавіку—ліпені трыццаць сёмага году сядзеў я. Значыць, Міхаіл Абрамавіч і мяне тады ахоўваў, і, можа, на мой голас грукаў прыкладам і тупаў ботам, прымушаў сьціхнуць. Нам з тых камэр былі відаць толькі ногі вартавога і прыклад яго вінтоўкі — калі яны набліжаліся да кратаў. Вокны камэры знаходзіліся пад самай стольлю, і, каб убачыць нешта на вуліцы, трэба было станавіцца на ложак. Мы так і рабілі, калі вартавы адыходзіў ад нашага акна…

Пра свой арышт, судовасьць я адкрыўся толькі пасьля вайсковай службы, калі выйшаў на пэнсію. А асуджаны я быў у трыццаць сёмым годзе. Спэцыяльнай калегіяй Вярхоўнага суду БССР за так званую антысавецкую агітацыю на чатыры гады лягеру і тры гады паражэньня ва ўсіх правах пасьля адбыцьця пакараньня.

Мая судовасьць, пра якую я адкрыўся, зьдзівіла ўсіх знаёмых і асабліва маё трыбунальскае начальства. Як жа так. Не разумелі людзі, чалавек, асуджаны за дзяржаўнае злачынства, быў судзьдзём трыбуналу і сам судзіў? Мала таго, зь нязьнятай судовасьцю, з паражэньнем правоў удалося пайсьці ў войска, уступіць у камсамол (другі раз, да арышту я ўжо быў камсамольцам), потым у партыю, скончыў вайскова‑пяхотнае вучылішча, ваяваў, атрымаў і ордэн, і мэдалі, а пасьля вайны паступіў і скончыў ваенна‑юрыдычную акадэмію, куды быў адбор слухачоў вельмі строгі. Трэба сказаць, што я і сам у тыя гады зьдзіўляўся: чаму мяне ня выкрыюць, ня спыняць маю кар’еру? А я ішоў напралом, ламіўся ў самыя строга ахаваныя службовыя дзьверы. У аўтабіяграфіі і анкетах я, вядома ж, пра сваю судовасьць не пісаў.

Адразу пасьля вайны мне, як і многім маладым афіцэрам‑франтавікам, быў прапанаваны выбар вайсковых вучэбных установаў. Я мог паступіць у вайскова‑мэдыцынскую, артылерыйскую, вайскова‑палітычную акадэміі, у вайсковы інстытут замежных моваў. А я выбраў вайскова‑юрыдычную акадэмію. Далібог, была б прапанова ў акадэмію дзяржбясьпекі, паступіў бы туды. Я быў упэўнены, што мяне правяралі асабіста неаднойчы, і не маглі не даведацца пра маю судовасьць — усе асуджаныя ў нас на строгім уліку. Тады ж чаму мне пра гэта не гавораць, а наадварот, расчыняюць перада мной усе дзьверы?

Усё раскрылася ў час маёй рэабілітацыі ў 1969 г. У пракуратуры рэспублікі, куды я занёс заяву аб пераглядзе маёй справы, зьдзівіліся ня менш за маіх сяброў. Пракурорам БССР быў тады Пастрэвіч, зь якім я ў яго бытнасьць вайсковым пракурорам Беларускай вайсковай акругі быў у добрых стасунках. Ён, генэрал‑маёр юстыцыі, быў і маім земляком, родам з Магілёўшчыны. «Васіль, суджаны? — ня верыў ён. — Ня можа быць». І ўжо зусім не паверылі мне ў той пракуратуры, калі ў маёй прысутнасьці пазванілі ў Камітэт дзяржбясьпекі Беларусі і спыталі дадзеныя пра маю судовасьць. Адказалі хутка, хвілін праз восем: Хомчанка В.Ф. сярод асуджаных ня значыцца. Такі ж самы адказ прыйшоў пасьля і з Масквы. Я ж, вядома, настойваў на праверцы маёй справы, і з пракуратуры, запісаўшы назву лягеру, дзе я адбываў прысуд, паслалі запыт туды. Адтуль і пацьвердзілі, што я знаходзіўся ў Ніжне‑Амурскім лягеры, вызваліўся 8 красавіка 1941 г. Пасьля гэтага ў архівах КДБ знайшлася і мая справа. Вярхоўны суд БССР перагледзеў яе і рэабілітаваў мяне поўнасьцю.

А цяпер трэба растлумачыць, чаму ж я са сваёй судовасьцю так і застаўся ня выкрыты. Мне вельмі пашанцавала: пры вывазе зь Менску ў час вайны архіваў НКВД мая ўліковая картка ды, відаць, і сама справа былі засунутыя ці то ня ў тую скрынку, ці то, можа, нават ня ў тую папку. Таму пры праверках сярод асуджаных маё прозьвішча і не знаходзілі.

Васіль Хомчанка сядзеў разам з Міхасём Чаротам, Міколам Хведаровічам, Масеем Сяднёвым, Янкам Нёманскім. Выжылі толькі ён і Сяднёў

Пачуў пра маю рэабілітацыю Міхаіл Абрамавіч і сустрэўся са мной:

— Слухай, — ускрыкнуў ён, — дык мы з табой маглі яшчэ тады сустрэцца! Я цябе мог канваіраваць з турмы ў турму, на суд, і, канечне, папярэджваў: «Крок улева ці крок управа лічыцца спробай ўцёкаў — буду страляць».

— Можа, і папярэджваў, — ды я ня думаў уцякаць.

— А тое, што я цябе вартаваў у тым падвале на Ўрыцкага, дык гэта дакладна. Усе месяцы тваёй адседкі я якраз і стаяў там вартавым.

— Грукаў прыкладам, калі я чытаў вершы.

— Дык гэта ты чытаў? Мне цікава было слухаць, і я часам ня грукаў. Свае вершы чытаў?

Я сказаў, што ў той камэры сядзелі паэты, яны чыталі складзеныя там паэтычныя радкі. Па суседзтву з нашай камэрай — даведаліся па перастуку — пакутаваў Мікола Хведаровіч, у другой — Міхась Чарот, Юрка Лявонны. У маёй камэры знаходзіліся ажно тры літаратары: пісьменьнік і акадэмік Янка Нёманскі, паэты Янка Туміловіч і Масей Сяднёў — студэнт пэдагагічнага інстытуту, таленавіты хлопец. Камэра наша, разьлічаная ў нармальны час на чатыры чалавекі, зьмяшчала тады ажно дзесяць. Дыхаць не было чым, вось і ішла пара з акенца, як з лазьні. З тых вязьняў — аднакамэрнікаў уцалелі я і Масей. Астатніх расстралялі.

Расстралялі Янку Нёманскага, інжынэра цагельнага заводу Блохмана, камісара авіяцыйнага палка Іванова (у камэру ён зьявіўся ў прыгожым скураным паліто‑плашчы, якое даваў прымерваць і мне). Расстралялі чыгуначніка‑забесьпячэнца Зібермана, ці Зіберштэйна, забыў прозьвішча. Расстралялі двух калгасьнікаў з Лагойскага раёну, калгасьніка‑баптыста, узятага ўжо ў другі раз. Мяне і Сяднёва суд пашкадаваў, улічыў нашу маладосьць — мне толькі споўнілася васямнаццаць. Дзякуй тым судзьдзям Спэцыяльнага Вярхоўнага суду БССР, на жаль, ня ведаю іх прозьві¬чаў, далі толькі чатыры гады, а маглі ж адваліць і дзесяць.

Многіх, вядома ж, зацікавіць, якое ж палітычнае злачынства я ўчыніў. А вось такое. Прыслаў бацька зь вёскі ліст, што ня можа разьлічыцца з падаткамі: мяса здай, малако здай, воўну здай, грошы заплаці, а на працадні які ўжо год нічога не даюць. Бацька прасіў мяне: «Можа б ты, сынок, памог мне грашыма?» Гэта ў мяне прасіў, студэнта‑рабфакаўца, якому хапала стыпэндыі толькі паабедаць кожны дзень у студэнцкай сталоўцы. Тады я вёў дзёньнік, запісаў у ім пра бацькаў ліст і просьбу да мяне, і ад сябе дадаў, што ўсё гэта адбываецца пад шчасьлівым сталінскім сонцам. Адзін студэнт‑стукач употай залез у мой чамадан, прачытаў дзёньнік, гэты запіс і паслаў данос у НКВД. Мяне арыштавалі, прыпісалі варожую агітацыю. За гэта «сталінскае сонца» я і паплаціўся.

Вось такая была мая таямніца, якую я старанна хаваў, у тым ліку і ад Міхаіла Абрамавіча.

Ну, а ягоная таямніца была зусім іншая, зьвязаная зь ягонай службай у тых унутраных войсках.

Прыводжу ягоны аповед пра гэту таямніцу.

— Я ня толькі вартаваў турму і канваіраваў арыштаваных, але рабіў і яшчэ нешта страшнае, — расказваў Міхаіл Абрамавіч. — Да арміі я навучыўся вадзіць аўтамабіль. І вось аднойчы мне мой начальнік гаворыць: «Шафёр спэцмашыны захварэў, трапіў у бальніцу. Пакуль хварэе ён, ты часова заменіш яго, сядзеш за руль». Я баец шараговы, загад — ёсьць загад, сеў за руль той спэцмашыны, якую ў народзе празвалі «воранам», або «хапуном». Ноччу я падганяў яе да нейкага дому, адтуль выводзілі аднаго ці некалькіх арыштаваных, саджалі ў «воран», і я адвозіў у турму, у тыя самыя падвальныя камэры, дзе ты сядзеў, або ў «амэрыканку» — круглую такую турму‑вежу, збудаваную паводле амэрыканскага праекту. Аднак ня гэта самае страшнае.

Калі расстралялі ўсіх з нашага «ворана», то трупаў напоўнілася па самыя краі ямы. Утрамбоўвалі так, што ажно быў чуваць трэск касьцей.

Страшнае было, калі павёз ноччу ў тым «воране» людзей на расстрэл. Колькі іх набілі ў машыну, ня ведаю, але многа. Саджалі іх у машыну з завязанымі ззаду рукамі. Ехалі яны стоячы. Цяперашні парк Чалюскінцаў тады быў яшчэ звычайным лесам на ўскраіне Менску. Вось туды, у той парк, і загадалі мне ехаць. Аб’ехалі азярыну і павярнулі да ўсходняй часткі парку. Калі стаць на праспэкце тварам да парку, то гэта будзе зьлева. На палянцы спыніліся. Там ужо была выкапаная яма мэтры два на чатыры. З машын ахоўнікі пачалі выводзіць па адным і саджаць на край ямы так, каб былі спушчаныя ногі. Ахоўнікі стралялі ў патыліцу, і чалавек валіўся ў яму тварам уніз. Перад нашым прыездам там пабывала ўжо іншая машына, і яма была напоўненая высока. Калі расстралялі ўсіх з нашага «ворана», то трупаў напоўнілася па самыя краі ямы. А іх жа трэба засыпаць зямлёй, і, каб не атрымалася пагорку, здаравікі‑ахоўнікі пачалі тыя трупы ўтоптваць. Утрамбоўвалі так, што ажно быў чуваць трэск касьцей. Такое ўспамінаць жахліва. Пасьля расстрэлу ахоўнікі запівалі работу.

Такіх паездак я зрабіў некалькі, і ўсё да новых ям, туды ж у парк Чалюскінцаў. Я ўжо гаварыў, што туды вазілі і іншыя «вораны», таму колькі там магіл засталося, наўрад ці можна палічыць. Многа.

Аднойчы, каб паскорыць расправу, ахоўнікі вывелі з машыны ўсіх адразу і рассадзілі па краях ямы. Ахвяры зь зьвязанымі рукамі сядзелі моўчкі. Твараў іх нельга было разгледзець у цемры. Не паверыш, ніхто не крычаў, ня плакаў, нават жанчыны, а былі і яны. Я, паставіўшы машыну, адыходзіў далей і чуў толькі стрэлы. Але двойчы прысутнічаў, і то не да канца. Гэта першы раз, і гэты раз, калі ўсіх адразу вывелі. Дык вось, сядзяць тыя няшчасныя на краі ямы, маўчаць, чакаюць. Відаць, усё ж да канца ня верылі, што на расстрэл іх прывезьлі. А выканаўцы з наганамі ззаду стаяць. А потым на загад — узмах рукі старшага — пачыналі бахаць. Некаторыя не адразу падалі ў яму, тады ў іх другі раз стралялі і штурхалі нагой уніз…

— А мог хто і незабіты ўпасьці? Паранены толькі? А потым выпаўзьці? Ноч жа цёмная, — спытаў я.

— Я чуў, што нехта выпаўз зь ямы і нават будучы засыпаным уратаваўся. Але ці праўда гэта — ня ведаю.

— Так нікога з ахвяр у твар і не запомніў? — спытаў я.

— Запомніў… І цяпер помню. Тады з турмы выехалі, калі ўжо ноч канчалася. Прыехалі ў парк, і віднець пачало. Ахоўнікі пачалі сьпяшацца, каб управіцца да сонца. Адчынілі дзьверы «ворана», скамандавалі выходзіць па адным. Я стаю, думаю, пагляджу, хто ж выйдзе, што за чалавек, а раптам які знаёмы? І што ж ты думаў? Выйшаў мой настаўнік беларускай мовы і літаратуры з Плешчаніц. Убачыў мяне, пазнаў. «Міша!» — ускрыкнуў ён, і такая надзея ўспыхнула на яго твары, так ён засьвяціўся, узрадаваўся — а можа, я і ёсьць той, хто ўратуе яго. «Міша! — паўтарыў ён, прыпыніўшыся каля мяне. — Ты тут?» Ахоўнік штурхнуў яго ў сьпіну і падвёў да ямы, загадаў сесьці, а настаўнік стаіць, на мяне глядзіць, чакае нешта ад мяне — паратунку. Я ж, як самлелы, ні паварухнуцца, ні сказаць што. Ды і што я мог зрабіць і сказаць? Ахоўнік ня стаў чакаць, калі настаўнік сядзе, ўгаворваць ня стаў больш, а стрэліў яму ў скронь. Тады я пабег, і бег доўга, сам ня ведаючы куды. Упаў, і гістэрычны плач пачаў мяне ўсяго калаціць. Чуў, што стрэлы скончыліся, што мяне гукаюць, мацюкаюцца, ехаць трэба, а я ляжу. Мяне знайшлі, далі ў карак. Дарогай старшы ахоўнік пачаў мяне суцяшаць: «Падумаеш, настаўніка сустрэў, я свайго цесьця шлёпнуў. Служба ёсьць служба. Ці ж я ведаю, каго мне прывязуць? Бацьку прывязуць, і бацьку роднага ў распыл пушчу». Больш на «воране» я ня езьдзіў.

— Адмовіўся?

— Той пастаянны кіроўца, якога я замяняў, з бальніцы вярнуўся. А я зноў стаяў на вуліцы Ўрыцкага, цябе ахоўваў.

У парку Чалюскінцаў ступаеш па касьцях людзей, па чарапах зь дзірачкамі ў патыліцах.

Мы пайшлі тады ў парк Чалюскінцаў, дзе Міхаіл Абрамавіч і паказаў мне тую частку парку, дзе ў трыццатых гадах расстрэльвалі людзей. І месцы магіл прыблізна паказаў. Там стаяў нейкі бэтонны слупок, які, як казалі, азначаў, што нібыта тут расстрэльвалі нашых людзей немцы.

Цяпер ня толькі Міхаілу Абрамавічу ня хочацца заходзіць у гэты парк, але і я бываю там вельмі рэдка. Дужа ўжо няўтульна ў ім сябе адчуваю. Так і думаеш, што ступаеш па касьцях людзей, па чарапах зь дзірачкамі ў патыліцах. Страшнае гэта адчуваньне.

Спадзяюся, што пасьля Курапацкіх магіл урадавая камісія, якая там працуе, зоймецца выяўленьнем месца сталінскіх расстрэлаў і ў парку Чалюскінцаў. А Міхаіл Абрамавіч, пра якога я паведаміў сябру ўрадавай камісіі Васілю Быкаву, камісіі дапаможа.

…У дзень свайго арышту, 5‑га красавіка, я заўсёды іду на вуліцу Ўрыцкага і каля кожнага замураванага акенца былой турмы кладу па дзьве кветкі ў памяць сваіх аднакамэрнікаў, якія тут пакутавалі і загінулі. Праўда, кветкам доўга паляжаць не даюць, выходзіць з дому нехта ў форме і прыбірае іх. Навошта, чаго баяцца?

І яшчэ адно. Калі гэтыя нататкі былі ўжо напісаныя, прачытаў у «Известиях» за 28 жніўня зацемку ўласнага карэспандэнта газэты М.Шыманскага «Чьи останки покоятся в лесу под Минском». М.Шыманскі як быццам сумняецца наконт таго, што «адбывалася тут у канцы 1930‑х — пачатку 1940‑х гг.». Што датычыць мяне, дык асабіста я ня маю ніякіх сумненьняў. Яшчэ калі сам сядзеў ва ўнутранай турме НКВД, ужо гаварылася пра Курапаты. Нават гучала час ад часу злавеснае папярэджаньне: «Адвязем цябе ў Курапаты». Здаецца, туды і павезьлі Янку Нёманскага, Юрку Лявоннага, Тодара Кляшторнага…

Васіль Хомчанка, пісьменьнік, падпалкоўнік юстыцыі ў адстаўцы


Фотаплястыны з тэкстам В. Хомчанкі, яік не прайшоў цэнзуру ЦК, былі таемна вынесеныя з друкарні,
фота Андрэя Лянкевіча
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0