Фота geo-politica.info
Рэджэп Таіп Эрдаган правядзе перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам у Палацы Незалежнасці, паўдзельнічае ў цырымоніі адкрыцця ў Мінску на вуліцы Грыбаедава Саборнай мячэці (як чакаецца, там збярэцца да 800 чалавек), будзе прысутнічаць на беларуска-турэцкім бізнес-форуме.
Візіт Эрдагана ў Беларусь мусіў адбыцца яшчэ ў ліпені, але быў адкладзены пасля спробы дзяржаўнага перавароту, якая адбылася ў Турцыі.
Як інфармуе БЕЛТА, на сённяшніх перамовах беларускі і турэцкі лідары абмяркуюць «шырокі спектр пытанняў развіцця міждзяржаўных адносін з акцэнтам на актывізацыю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, абмяняюцца поглядамі па праблематыцы рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня».
Чакаецца падпісанне шэрагу двухбаковых дакументаў.
Аляксандр Лукашэнка будзе суправаджаць Рэджэпа Таіпа Эрдагана падчас яго наведвання Саборнай мячэці і бізнес-форума.
