Рынак у Маніле. Ілюстрацыйнае фота: Filipinoveggiefood

Рынак у Маніле. Ілюстрацыйнае фота: Filipinoveggiefood

«Усё-ткі як жа шмат у нашым жыцці вырашаюць страўнік і грошы, — піша ў сваім фэйсбуку Ігар Драко. — Я па-ранейшаму на Філіпінах, сёння не каля мора, а зноўку ў Маніле (Тагіг, Banifacio Global City). Іду ў супермаркет, садавіны-гародніны хочацца…

Бурак — 3 еўра кілаграм.

Морква — 2 еўра кілаграм.

Яблык, адзін, не кілаграм, а проста адзін яблык, сярэдняга памеру, такіх на кілаграм трэба штук восем — рубель трыццаць на нашыя (ці 13 тысяч старымі). Ну, як мне, беларусу, такое вытрываць?! Сёлета ў нас людзі прасілі: ну, зайдзі ў сад, набяры ты гэтых яблыкаў, мех хоць бы, ты ж сок ціснеш, а то пагніюць.

Кабачок — 7 еўра. Бабы мае агародніцы: мама, сястра Марына, цётка Стася, Ніна Аляксеўна — за кілаграм кабачка сто пяцьдзясят тысяч (15 рублёў новымі)!!!

Ну і недалёка манга — удвая танней за кабачок.

Манга бяру, канечне… Яшчэ нейкага зяленіва набіраю, назвы не разумею ні на адным цэнніку… ну зялёнае, то і добра.

Але адчуваю: хачу бурака. Хацець — магу, есці — не буду. У мяне ў вёсцы гэтых буракоў… Маразы ж ужо там, на радзіме, але не такія вялікія — у стопку ды сенцы яшчэ не забяруцца, прыеду пад канец лістапада, прыкрыю якім рыззём.

А ўчора раніцою варыў аўсянку на малацэ… Хто-небудзь з вас еў лыжкамі сухое малако ў дзяцінстве? Я еў, нехта бацьку цэлы мех гэтага малака даў, у той час ім парасятак на фермах кармілі. Не таму кармілі, што людзям яго нельга было даваць, нармалёвы канцэнтрат, проста тады ў Іўі (і не толькі ў Іўі) ніхто з людзей такое малако не спажываў. Пасля гэты трохі мною ды меншай сястрой паедзены мех так парасяткам і дастаўся. Але смак… спецыфічны… запомніў. І тут, у Маніле, грэю малако, а яно дае ў нос тым самым канцэнтратам. Ну, вядома, і беларускае малако цяперашнім часам не тое, што было ў маім дзяцінстве, тое скісала на другі дзень, гэта «трывае» даўжэй… І ўсё роўна кажу так:

Я люблю цябе, Лідскі малаказавод!

Я люблю цябе, Горацкі малаказавод!

Я люблю цябе, Мінскі малаказавод №1!

«Савушкін прадукт»… Не, не трэба сябе падманваць, гэтага не люблю.

І тварагу хачу са смятанай!

А вось мясцовая самогонка з какосу — цуд. Lambanog называецца. Не пад пальмай выгнананая (такая таксама ёсць, толькі я не патрапіў), але й на прадпрыемстве зробленая бярэ сваёй мяккасцю і разам мацункам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?