У нядзелю ў фінале Чэмпіянату Эўропы ў Вене сустрэнуцца зборныя Нямеччыны і Гішпаніі. 3:0, чыстая перамога пірэнэйцаў па ўсіх артыкулах.

Пірэнэйцы спынілі пераможнае шэсьце каманды галяндца Гууса Хідынка. Расейцы на гэтым першынстве прайгравалі толькі Гішпаніі. Прычым, абодва разы з буйным лікам.

Гульню камандаў скоўваў залеўны дождж – поле было заўважна вязкім. Разам з тым, ужо на адзінаццатай хвіліне магільшчык расейцаў у першай гульні каманд Давід Вілья мог адкрыць лік – Акінфееў справіўся з ударам. На 34-й хвіліне найлепшы бамбардзір гэтага чэмпіянату Вілья быў вымушаны сысьці з поля праз траўму.

На мокрым полі ўдвая больш небясьпечнымі становяцца ўдары з далёкіх адлегласьцяў. Расейцы некалькі разоў спрабавалі прымяніць гэтую зброю, але мяч то ляцеў вышэй, то ўдары блякавалі абаронцы гішпанцаў. Меў шанец забіць Раман Паўлючэнка, але скакучы Касільяс змудрыўся выцягнуць мяч зь дзявяткі. Першы тайм так і скончыўся нулявым лікам.

Затое ў другім тайме пірэнэйцы павялі рэй. Ужо празь пяць хвілін пасьля ўзнаўленьня гульні Хаві зь лёту цудоўную замкнуў флянгавую перадачу Іньесты – 0:1. Гуус Хідынк быў відавочна незадаволены гульнёй сваёй каманды, усё часьцей выходзячы да броўкі поля.

Расейцам трэба было адыгрывацца, і яны пайшлі забіваць, але атакі каманды выглядалі нязграбнымі і не даходзілі да лягічнага завяршэньня. Тым часам удары гішпанскіх ідальга прабівалі абарону Расеі. На 74-ай хвіліне Гуіса пахаваў спадзяваньні нашых суседзяў на станоўчы вынік – 0:2.

А канчаткова ўсе мары Расеі на фінал разьбіліся пасьля голу Давіда Сілвы. Расейцы так і не змаглі забіць нават гол прэстыжу – 0:3.

Гішпанцы справядліва лікуюць. Апошні раз у фінале каманда была аж у 1984 годзе, калі саступілі зорным французам. Што да расейцаў, то ад прыгожай сымпатычнай гульні падапечных Гууса Хідынка, паказанай у папярэдніх двух гульнях, не засталося і сьледу. Перагарэлі!

Фінал Нямеччына – Гішпанія 29 чэрвеня будзе трансьляваць тэлеканал АНТ, пачатак трансьляцыі а 21:30.


Партнёры віншуюць Хаві Эрнандэса з пачынам, фота euro2008.uefa.com
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?