Як паведаміў надзвычайны і паўнамоцны пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Амерыка Дыяс Нуньес 27 чэрвеня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску, на канец ліпеня запланаваны візіт Уга Чавеса ў Расію. Паводле яго слоў, аб гэтым стала вядома ў ходзе візіту ў Маскву віцэ‑прэзідэнта Венесуэлы Рамона Карысалеса.
«Дагэтуль было традыцыйна, што маршрут прэзідэнта Венесуэлы заўсёды праходзіў цераз Мінск, таму не выключана, што яго трэці візіт у Беларусь адбудзецца праз месяц», — зазначыў дыпламат.
Прэзідэнт Венесуэлы наведваў Беларусь двойчы — у ліпені 2006 і ў чэрвені 2007 года. У снежні 2007 года Венесуэлу наведаў Аляксандр Лукашэнка. У час яго візіту адбылося адкрыццё беларуска‑венесуэльскага сумеснага прадпрыемства па здабычы нафты «ПетраВенБел» у штаце Ансаатэгі, быў падпісаны шэраг міжурадавых і міжведамасных дакументаў у розных сферах.
Уга Чавес таксама планаваў наведаць Беларусь (Расію і КНР) у лютым гэтага года, але затым адклаў свой візіт.