Наколькі багацейшымі былі б нашыя гарады і мястэчкі, калі б у іх вярнуліся матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасьці, што апынуліся па той Буга падчас войнаў і ліхалецьцяў!

У гісторыі і культуры Беларусі багата рарытэтаў, якімі мы можам ганарыцца па праву. Аднак на некаторыя сёньня ня можам ні самі паглядзець, ні гасьцям паказаць. Перамовы наконт вяртаньня страчаных каштоўнасьцяў зь іншых краінаў на дзяржаўным узроўні ідуць ня першы год. А Гарадзенскі абласны гісторыка‑археалягічны музэй вырашыў перайсьці ад слоў да справы. Нядаўна ягоны дырэктар Юры Кітурка спрабаваў выкупіць старую гравюру Цюндта зь першай манумэнтальнай выявай Горадні 1568 г на міжнародных таргах у Варшаве.

Расчарую чытачоў адразу: убачыць рарытэт, які лічыцца вялікай рэдкасьцю, пакуль не атрымаецца. Сумы, эквівалентнай 60 тысячам злотых, якую выдаткаваў на пакупку Гарадзенскі гарвыканкам, вырашыўшы зрабіць своеасаблівы падарунак да 880—годзьдзя гораду, на жаль, не хапіла. Твор Цюндта ў лічаныя хвіліны сышоў у прыватны збор польскага калекцыянера за 95 тысяч злотых. Але цікава іншае. Пераадолеўшы эканамічныя цяжкасьць 90—х, калі галоўнымі пытаньнямі былі запуск вытворчасьці і выплата заробкаў, краіна падышла да вырашэньня іншых, прынцыпова новых пытаньняў. І ініцыятыва гарадзенскіх уладаў у гэтым сэнсе вельмі паказальная. Мы набываем магчымасьць інвэставаць ня толькі ў эканоміку…

Не пабаюся падасца банальным ў меркаваньнях: духоўныя каштоўнасьці важныя для чалавека ня менш чым матэрыяльнае дабро. Старая гравюра вядомага майстра, слуцкія паясы, нядаўна вернутыя ў Беларусь… Колькі яшчэ скарбаў нашых продкаў раскіданае па сьвету? У рарытэце жывуць гісторыя, дух мінулых пакаленьняў. А значыць, і нашае ўяўленьне пра будучыню. Да таго ж рарытэты, пагадзіцеся, таксама свайго кшталту рухавікі эканамічнага разьвіцьця краіны. Менавіта дзеля іх да нас едуць турысты, пакідаючы тут свае грошы.

Словам, мы дарасьлі да таго, каб прадметна задумацца над вяртаньнем страчаных каштоўнасьцей. Нават паспрачаўшыся цаной на аукцыёнах…

Так, першы досьвед стаўся няўдалым. Але і ён каштоўны. Справа ж для нас зусім новая. Мэханіхм удзелу ў таргах яшчэ не адпрацаваны. Бо нават калі б выдаткаваных гарвыканкамам сродкаў хапіла на набыцьцё гравюры, ня факт, што яна адразу стала б нашай. Сума, за якую сыходзіць пасьля ўдару малатка той ці іншы лот, — не канчатковая. 10 адсоткаў ад яе трэба плаціць арганізатарам аукцыёну. Яшчэ ў 20 адсоткаў абышоўся б вываз рарытэту з Польшчы. Як вынік — рэч як мінімум на траціну ўзрасьце ў кошце…

Акрамя таго, магчыма, давялося б плаціць за пакупку такога тавару і на нашым баку. Прынамсі, пытаньне, зададзенае супрацоўнікамі гарадзенскага музэю, сьпярша паставіў супрацоўнікаў Гарадзенскага філіялу РУП «Белтаможсэрвіс» у тупік: з падобным тут яшчэ не сутыкаліся. Праўда, высьветлілася, што прадметы старыны, падобныя гравюры, вызваляюцца ад мыта. А вось пытаньне, ці трэба плаціць НДС — 18 адсоткаў ад прадажнага кошту, павісла ў паветры. Музэю паабяцалі гэта высьвтеліць да наступнага аукцыёну. Але ці будзем мы ў ім браць удзел? Праблема ўсё тая‑ж — грошы… Дарэчы, пра іх. Паводле слоў Юр’я Кітуркі, пакуль няма мэханізму, каб акумуляваць сродкі на пакупку каштоўнасьцяў на аукцыёнах. А ён патрэбны. Бо мэцэнат ў чаргу не становяцца…

Яшчэ адна, набітая, але зусім небескарысная шышка. Гарадзенцы спадзяваліся для патаненьня зьдзелкі скарыстацца на варшаўскім аукцыёне правам першага голасу. То бок выкупіць лок за першапачатковы кошт. Але высьветлілася, што такое права маюць толькі буйныя культурныя ўстановы Польшчы. Ні гарадзенскі гісторыка‑археалягічны музэй, ні іншыя нашыя ўстановы ў ільготную катэгорыю не ўваходзяць…

Словам, ёсьць нагода падумаць зацікаўленым структурам. У нашых музэях знойдзецца месца ня толькі для гравюры Цюндта…

Іосіф Папко, Советская Белоруссия

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0