Сем раніцы. У сенцах вару каву. У мяне там электраплітка стаіць. Чую, як за дзвярыма дыхае жанчына. Не, думаю, не можа быць. У двары цёмна і халодна — не можа там ніхто дыхаць. П'ю каву ў хаце, праз дзесяць хвілін звоніць цётка.

— Андрэй!

— Оў!

— Ты мне адразу скажы: адзін ці з дзеўкай? Калі з дзеўкай, я заходзіць не буду.

— Якой дзеўкай?

— Ну, я ж чую, у цябе нехта гамоніць.

— То радзіва.

— Цьху ты! А я хаджу, хаджу, гляджу ў вокны, ужо шыю скруціла. У цябе ж гэтыя - як іх? - вісяць, нічога не бачна. То адчыняй, бо я змерзла.

Адчыніў. Цётка скідае вялікі салдацкі заплечнік, сядае ля грубы.

— Пабач ты! У цябе і радзіва е.

— Ну, от слухаю.

— Ты не бойся, я толькі на пяць хвілінак. Паўгадзіны пацярпі. Няхай развіднее, бо ў мяне ў хаце цёмна, не хочу шчотчык уключаць.

— Мо чаю наліць?

— Не буду я твой чай. Я табе нешта сказаць хочу.

— Ну, што?

— Выключай сваё радзіва, паслухаеш дзеўку потым, цяпер паслухай мяне.

— Што такое?

— Ты мне от што скажы. За каго б ты галасаваў: за Хілару ці за Трампа?

Я ведаў, я прадчуваў, што не трэба цётку ў горад адпускаць.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?