З 24 па 27 лістапада 2016 года праект Cinemascope прадстаўляе ў малой зале кінатэатра «Ракета» праграму фільмаў «Інстытут культуры», прысвечаную знакавым культурным інстытуцыям сучаснай Францыі.

Двое мэтраў дакументальнага кіно — француз Нікаля Філібер і амерыканец Фрэдэрык Уайзмен — адкрываюць перад гледачом дзверы Луўра, Дома радыё, тэатраў «Гранд-опера» і «Камедзі Франсэз», занатоўваючы на камеру ўсю механіку іх паўсядзённага жыцця.

Паказы арганізаваныя пры падтрымцы Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь, французскага інстытута ў Парыжы і Месяца дакументальнага кіно (Францыя).

24 лістапада (чацвер) 19:00

Горад Луўр | La ville Louvre

Францыя, 1990, 81 хв.

Рэжысёр: Нікаля Філібер

Што адбываецца ў Луўры, калі ён зачыняе свае дзверы для публікі? Дакументальны фільм сцэнарыста і рэжысёра Нікаля Філібера распавядае пра закуліснае жыццё галоўнага музея Францыі падчас маштабнай рэканструкцыі ў другой палове 80-х гадоў, калі ў двары Луўра была ўзведзеная шкляная піраміда — самы спрэчны яго элемент. У фокусе ўвагі Філібера аказваюцца не найвялікшыя творы мастацтва, а жыхары, якія насяляюць «горад Луўр» — наглядчыкі, грузчыкі, куратары, рэстаўратары і многія іншыя.

Купіць квіток >>>

25 лістапада (пятніца) 19:00

Дом радыё | La Maison de la radio

Францыя — Японія, 2013, 98 хв. Рэжысёр: Нікаля Філібер

Аповед пра працу Radio France: дваццаць чатыры гадзіны з жыцця радыёстанцыі, ад рана да рана, цэлы свет, звычайна ўтоены ад погляду слухачоў, бо сама прырода радыё — гук — заўсёды застаецца нябачнай. Па словах рэжысёра, менавіта жаданне пракрасціся ў таямніцы эфіру прымусіла яго звярнуцца да тэмы радыё. І хоць тут няма сухіх лічбаў, калі быў пабудаваны будынак, і іншых гістарычных экскурсаў, за паўтары гадзіны гледачы атрымліваюць вычарпальную інфармацыю пра тое, як робіцца грамадскае радыё у Пятай рэспубліцы.

Купіць квіток >>>

26 лістапада (субота) 18:00

Танец. Балет Парыжскай оперы | La Danse, le ballet de l'Opéra de Paris

Францыя — ЗША, 2009, 158 хв. Рэжысёр: Фрэдэрык Уайзмен

Класік амерыканскай дакументалістыкі Фрэдэрык Уайзмен са сваёй камерай пранікае ў святая святых — у балет Парыжскай оперы. Перад намі праходзіць усё жыццё трупы — ад швейнай майстэрні да бліскучага выхаду прыма-балерыны і яе партнёра. Фільм адкрывае таямніцы самай прэстыжнай балетнай сцены свету і распавядае аб стварэнні сямі ўнікальных спектакляў, сярод якіх «Песня Медэі» Анжэлена Прэльжакажа, «Дом Бернарда» Матса Эка, «Арфей і Эўрыдыка» Піны Баўш, «Рамэа і Джульета» Сашы Вальц.

Купіць квіток >>>

27 лістапада (нядзеля) 18:00

«Камедзі Франсэз», або Любоўная гульня | La Comédie-Française ou L'amour joué

Францыя — ЗША 1996 года, 223 хв. Рэжысёр: Фрэдэрык Уайзмен

«Камедзі Франсэз» — найстарэйшы ў свеце рэпертуарны тэатр, заснаваны ў Парыжы ў канцы XVII стагоддзя. Упершыню рэжысёру-дакументалісту прадастаўляецца магчымасць дэталёва вывучыць усе аспекты дзейнасці вялікай тэатральнай кампаніі. Бесстаронняя камера фіксуе выбар літаратурнай асновы спектакля, размеркаванне роляў, выраб дэкарацый і касцюмаў, адміністрацыйныя сходы, рэпетыцыі і пастаноўкі чатырох класічных п'ес — «Дон Жуана» Мальера, «Фіваіды» Расіна, «Падвойнай зменлівасці» Марыво і «Займіся Амелі» Фейдо.

Купіць квіток >>>

Усе фільмы дэманструюцца на мове арыгіналу з рускімі субтытрамі.

Усе фільмы дэманструюцца ў малой зале «Ракеты».

Цана квітка: ад 3.5 б.р. (35.000). Квіткі можна купіць у касе кінатэатра або анлайн.

Кінатэатр «Ракета»: г. Мінск, завулак Рабочы, 3 (ст.м. Пралетарская)

Усе навіны Cinemascope ў сацыяльных сетках:

https://www.facebook.com/cinemascope.by

http://www.vk.com/cinemascope_by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0