Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Іна Драпеза і дырэктар СШ №11 Аляксандр Люльковіч атрымалі вымовы. Два намеснікі дырэктара школы пераведзеныя ў настаўнікі.

Усе гэтыя дысцыплінарныя спагнанні вынесеныя ў сувязі з гібеллю на бульбяным полі 13-гадовай вучаніцы СШ №11 Вікторыі Папчэні, якая трапіла пад колы МАЗа 29 верасня.

Дырэктар СШ №11 Аляксандр Люльковіч 22 лістапада распавёў Край.бай:

— Так, я і Іна Феліксаўна Драпеза атрымалі вымовы. Гэта звязана з гібеллю дзяўчынкі. Ніякага сакрэту ў гэтым няма. Намеснік дырэктара нашай школы па вучэбнай рабоце Галіна Пішчык пераведзеная ў настаўніка французскай мовы. Намеснік дырэктара па выхаваўчай працы Дзяніс Курэц цяпер працуе настаўнікам гісторыі і сацыяльным педагогам. Гэтыя пераводы таксама з-за гібелі Вікторыі Папчэні. Абодва паніжаныя на пасадзе ў сувязі з аднаразовым грубым парушэннем працоўных абавязкаў.

Па словах дырэктара, месцы яго намеснікаў пакуль застаюцца вакантнымі. Новыя прызначэнні будуць праведзеныя пасля ўзгаднення з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

— Гібель Вікторыі Папчэні — трагедыя для нас усіх. Не толькі для бацькоў дзяўчынкі, але і для педагогаў. Псіхалагічна траўмаваныя настаўнікі, якія былі з ёй на тым полі. Бог чамусьці адвярнуўся ад нас, — сказаў Аляксандр Люльковіч.

Прававы інспектар прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Леанід Судаленка, які прадстаўляе інтарэсы бацькі загінулай дзяўчынкі Алега Папчэні, не задаволены гэтымі дысцыплінарнымі спагнаннямі:

— Я перакананы, што начальнік аддзела адукацыі і кіраўніцтва школы павінны не толькі панесці дысцыплінарныя пакаранні, але іх таксама неабходна прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Калі гэтага не здарыцца, ніхто не дасць гарантыю, што праз нейкі час такая ж трагедыя не паўторыцца ў якім-небудзь іншым рэгіёне Беларусі.

Нагадаем, што 28 лістапада суд Маладзечанскага раёна разгледзіць скаргу Алега Папчэні на інспекцыю працы.

Крымінальная расследаванне па гібелі Вікторыі Папчэні працягваецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?