Футбалісты клубаў БАТЭ і «Гарадзея» выйдуць на фінальны матч сезона з аранжавымі павязкамі — сімвалам кампаніі за будучыню без гвалту ў адносінах да дзяўчат і жанчын. Пра гэта паведаміла БелТА са спасылкай на Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі.

«16 актыўных дзён супраць гвалту ў адносінах да жанчын» — штогадовая кампанія, якая праходзіць у многіх краінах свету з 25 лістапада (Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын) па 10 снежня (Міжнародны дзень правоў чалавека). Ініцыятыва закліканая прыцягнуць увагу да праблемы гвалту ў адносінах да дзяўчат і жанчын. Аранжавы колер кампаніі сімвалізуе яркую і светлую будучыню без гвалту.

Футбольныя каманды БАТЭ і «Гарадзеі» прысвецяць свой спартыўны паядынак барацьбе за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын і тым самым далучацца да штогадовай кампаніі. Матч адбудзецца 27 лістапада на «Барысаў-Арэне» (пачатак у 16.00). Футбалісты выйдуць на поле з павязкамі аранжавага колеру — афіцыйным колерам кампаніі. Заўзятары змогуць выказаць сваю салідарнасць з гульцамі з дапамогай спецыяльных аранжавых бранзалетаў, якія будуць раздаваць валанцёры.

У фае спарткомплексу «Барысаў-Арэна» Фонд ААН у галіне народанасельніцтва арганізуе тэматычную фотавыставу са зваротамі вядомых людзей супраць гвалту ў адносінах да жанчын і дзяўчат.

ЮНФПА прадставіць на гэтым мерапрыемстве новы праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Умацаванне нацыянальнага патэнцыялу ў сферы процідзеяння гендэрнаму гвалту (з акцэнтам на гвалт у сям'і) у Рэспубліцы Беларусь». Праект рэалізуецца з 2016 да 2018 год сумесна ЮНФПА і Міністэрствам унутраных спраў пры фінансавай падтрымцы ўрада Вялікабрытаніі і Шведскага міжнароднага агенцтва па развіцці (СІДА)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?