Па словах суразмоўцаў выдання, падобная функцыя была створана для таго, каб дапамагчы вярнуцца Facebook на кітайскі рынак, дзе сацыяльная сетка была заблакаваная. Як удакладнілі крыніцы газеты, новая функцыя, у першую чаргу, дазволіць «прадухіліць» з'яўленне некаторых паведамленняў менавіта ў навінавых стужках кітайцаў.

Заснавальнік кампаніі Марк Цукерберг, як распавялі суразмоўцы NYT, усяляк «падтрымліваў і абараняў намаганні» распрацоўшчыкаў для стварэння падобнай праграмы.

Па дадзеных крыніц газеты, Facebook не збіраецца самастойна ажыццяўляць кантроль над кантэнтам, гэтыя паўнамоцтвы будуць перададзеныя «трэцяму боку». Такім чынам, як распавялі суразмоўцы выдання, у дадзеным выпадку, хутчэй за ўсё, маніторынгам «папулярных сюжэтаў і тэм», якія распаўсюджваюцца ў сацыяльнай сетцы, будзе займацца кітайскі партнёр Facebook.

Як удакладняе выданне, у кампаніі падобную функцыю лічаць дэманстрацыяй ступені, у якой Facebook гатовы пайсці на кампраміс у дачыненні да сваіх асноўных прынцыпаў, а менавіта — «зрабіць свет больш адкрытым» і «ўсталяваць сувязі» паміж людзьмі. Адступіцца ад некаторых пунктаў у гэтых устаноўках у кампаніі гатовыя, каб атрымаць доступ да рынку з 1,4 млрд карыстальнікаў, паведамілі крыніцы The New York Times.

Як нагадвае выданне, у 2015 годзе ад ліпеня да снежня Facebook заблакаваў каля 55 тысяч паведамленняў у 20 краінах свету, сярод якіх — Пакістан, Расія і Турцыя. Абмежаванні, у цэлым, адпавядалі ўрадавым запытам на блакаванне пэўнага кантэнту, заўважае NYT.

У пачатку верасня найбуйнейшая нарвежская газета Aftenposten абвінаваціла Facebook ў цэнзуры і «злоўжыванні ўладай» за выдаленне з паведамлення выдання ў сацсетцы здымка пра вайну ў В'етнаме. Там была выява аголенай дзяўчынкі, пацярпелай ад прымянення напалму. На наступны дзень фотаздымак пра вайну ў В'етнаме быў адноўлены, паведамляе РБК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0