За апошнія суткі ў Рэдакцыю «Нашай Нівы» звярнуліся прадстаўнікі двух афіцыйных расійскіх тэлеканалаў — «Первого канала» і «Звезды» (канал Мінабароны РФ). Іх журналісты паведамлялі, што рыхтуюць перадачы, прысвечаныя беларуска-расійскім адносінам, і прапаноўвалі ўзяць у іх удзел, а таксама пыталіся кантактаў беларускіх культурных дзеячаў, якіх збіраліся запрасіць.

Як стала вядома НН, з аналагічнай просьбай звярталіся да прадстаўнікоў беларускай дыяспары Масквы.

Раней падчас такога кшталту ток-шоу прапагандысты абыходзіліся сіламі прарасійскіх «аналітыкаў і экспертаў». Для чаго ім так адначасова спатрэбіліся прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі? Магчыма, цяпер перад імі стаіць новая задача: паказаць моц і разнастайнасць «русафобіі» ў Беларусі. Русафобамі, нагадаем, шавіністычныя расійскія СМІ цяпер называюць усіх, хто лічыць беларусаў асобнай нацыяй з правам выбару свайго гістарычнага шляху і геапалітычнай арыентацыі.

Папярэдні раз па каментары «Нашай Нівы» расійскія тэлеканалы звярталіся ў 2011 годзе. А ў 2009 годзе, нагадаем, рэдактараў беларускіх СМІ запрашалі ў Маскву на сустрэчу з Мядзведзевым. Гэта папярэднічала хвалі матэрыялаў на расійскім ТВ, сярод якіх быў цыкл фільмаў «Хросны Бацька».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?