Румен Радзеў. Фота Reuters/Scanpix

Румен Радзеў. Фота Reuters/Scanpix

«Балгарыя павінна выплачваць Расіі 130 тысяч еўра няўстойкі ў дзень у дадатак да 602 млн еўра да канца гэтага года. Гісторыя гэтага шматмільённага плацяжу — толькі адзін прыклад таго, як краіна — некалі сатэліт Савецкага Саюза, нават праз 10 гадоў пасля ўступлення ў Еўрасаюз звязаная з Масквой эканамічна», піша аглядальнік Sueddeutsche Zeitung Фларыян Хасель.

На думку крытыкаў, Балгарыі гэта абыходзіцца вельмі дорага, больш за тое — усё вельмі падобна на «захоп дзяржавы». Пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах «дружалюбнага да Расіі кандыдата і магчымай змены ўрада гэтая залежнасць можа ўзрасці яшчэ мацней», гаворыцца ў артыкуле.

Па словах Хаселя, Крэмль «распаўсюджвае ўплыў, перш за ўсё, праз расійскія энергетычныя кампаніі, а менавіта — пастаўкі газу, будаўніцтва газаправодаў або АЭС. Прычым пры рэалізацыі буйных праектаў… каштарысы моцна завышаюцца».

Напрыклад, у выпадку з АЭС «Белене» ў параўнанні з пачаткам будаўніцтва кошт вырас на 10 млрд еўра. Пасля прыходу да ўлады праеўрапейскай партыі ГЕРБ з Бойкам Барысавым на чале будаўніцтва станцыі ў 2012 годзе было спынена. Але расійская кампанія «Атамбудэкспарт» падала пазоў да Балгарыі ў Міжнародны арбітражны суд Міжнароднай гандлёвай палаты з патрабаваннем выплаціць 1,1 млрд еўра за выкананыя работы і ў якасці кампенсацыі.

У чэрвені 2016 года пазоў расійскага боку быў часткова задаволены: балгарскі бок абавязалі выплаціць «Атамбудэкспарту» амаль 602 мільёны еўра плюс 130 тысяч еўра ў дзень у якасці працэнтаў да таго часу, пакуль не будзе выплачана асноўная сума. Гэта «гіганцкая сума для краіны з ВУП у 11 млрд еўра», каментуе аўтар.

Пасля чарговых перамоваў з расійскім бокам Масква ў канцы кастрычніка выказала гатоўнасць «дараваць Сафіі амаль 24 млн еўра працэнтаў у тым выпадку, калі балгары вернуць доўг да 15 снежня».

Але гэтую гатоўнасць ісці на саступкі рускія абумовілі «новымі праектамі», гаворыцца ў артыкуле нямецкай газеты. У прыватнасці, два рэактары АЭС «Казладуй», пабудаваныя яшчэ савецкімі спецыялістамі, генеруюць амаль дзве траціны балгарскай электраэнергіі. Па старых дамовах Балгарыя павінна закупляць цеплавылучальны элемент для рэактараў у Расіі. У выніку ў канцы кастрычніка расійскі бок заключыў дамову коштам 360 мільёнаў еўра на мадэрнізацыю першага рэактара. У хуткім часе будзе патрэбная мадэрнізацыя другога рэактара.

Акрамя таго, найбуйнейшая ў краіне сетка заправак і адзіны (самы вялікі на Балканах) нафтаперапрацоўчы завод належаць расійскай кампаніі «Лукойл». Таксама Балгарыя імпартуе з Расіі ўсю сваю нафту. Расійская манаполія прыводзіць да таго, што «выдаткі на вытворчасць і лагістыку ў нафтавай сферы аказваюцца самымі высокімі ў ЕС», крытыкуе даследчы цэнтр CSD у Сафіі.

У расійскіх руках, гаворыцца далей, знаходзіцца і газавы сектар: канцэрну «Газпром», падкантрольнага Крамлю, належыць палова найбуйнейшай балгарскай газаразмеркавальнай кампаніі. Да таго ж «Газпром» пастаўляе ў краіну амаль увесь неабходны ёй газ.

Праз адсутнасць альтэрнатыў усё гэта абыходзіцца Балгарыі вельмі дорага: яна плаціць «Газпрому» самую высокую цану на газ у Еўропе — у сярэднім на 30% больш, чым Германія. Гэта падлічылі эксперты CSD, якія ў сярэдзіне кастрычніка сумесна з вашынгтонскім Цэнтрам стратэгічных і міжнародных даследаванняў (CSIS) апублікавалі даследаванне The Kremlin Playbook пра ўплыў Масквы на такія краіны як Балгарыя, Сербія, Венгрыя, а таксама Славакія і Латвія.

У даследаванні гаворыцца, што Расія «непасрэдна кантралюе чвэрць балгарскай эканомікі». «Да прыкладу, мы аналізавалі дадзеныя з рэгістраў прадпрымальнікаў і высвятлялі рэальных уласнікаў з Расіі», — распавядае суаўтар дакладу Марцін Уладзіміраў.

Паводле яго слоў, даследаванне «было зроблена кансерватыўна»: «Але калі мы будзем улічваць ўскосны ўплыў расіян, то атрымаецца, што Расія кантралюе ад 35 да 40% нашай эканомікі». З ацэнкай, што «Расія кантралюе прынамсі траціну эканомікі Балгарыі», згаджаюцца і заходнія дыпламаты, якія працуюць у Сафіі, дадае Хасель.

Расійскі ўплыў распаўсюджваецца таксама на банкаўскі сектар і нерухомасць. Па дадзеных інфармацыйнай службы Novinite, нерухомасцю ў 7,2-мільённай Балгарыі, перш за ўсё на чарнаморскім узбярэжжы, валодаюць 84 тысячы расіян.

Расія, гаворыцца ў артыкуле Sueddeutsche Zeitung, мае моцны і часта карупцыйны ўплыў ва ўрадзе, парламенце і ў СМІ. Па словах экспертаў з CSD, ён уяўляе сабой «прасунутую стадыю захопу дзяржавы» і скіраваны на паслабленне сувязяў Балгарыі з ЕС.

Публікуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0