Месца, якое прапануюць для адбудовы.

Месца, якое прапануюць для адбудовы.

Гісторыя святыні сягае ў XVII стагоддзе, калі на нашы землі прыбылі манахі-бернардзінцы. Першы, яшчэ драўляны, касцёл быў узведзены на сродкі віцебскага ваяводы Яна Антонія Храпавіцкага, аднак ён быў спалены падчас Паўночнай вайны. Аднаўленне сталася магчымым дзякуючы ахвяраванням наступнага ваяводы — Міхаіла Шпака. Затым матэрыяльна падтрымаў будаўніцтва віцебскі падкаморый Казімір Саковіч, але будынак зноў-такі згарэў, бо гарадскія пажары былі досыць распаўсюджаныя ў тыя часы.

Гэта ўсё былі драўляныя пабудовы, а вось фундатарам трывалага каменнага будынка стала Тэкля Агінская, удава віцебскага ваяводы. Архітэктарам абралі італьянца Іосіфа Фантана. Большасць даследчыкаў лічаць, што храм быў асвечаны ў 1768 годзе. У такім выглядзе ён прастаяў амаль два стагоддзі. Унікальнасць аб’екта ў тым, што ён з’яўляўся помнікам двух стыляў. Звонку — структура барока, унутры — рэнесансу.

Хараством касцёла захапляліся вядомыя мастакі Напалеон Орда і Юзаф Пешка, якія адлюстравалі яго для нашчадкаў. Унутраны роспіс у свой час рабілі Юдаль Пэн, Марк Шагал, Саламон Юдовін.

Такім касцёл быў падчас нямецкай акупацыі.

Такім касцёл быў падчас нямецкай акупацыі.

А вось як апісваў свае ўражанні ад храма Святога Антонія нобелеўскі лаўрэат Іван Бунін у аўтабіяграфічным творы «Жыццё Арсеньева»: «Ні Акропаль, ні Баальбек, ні Фівы… ні святая Сафія, ні старыя цэрквы ў рускіх Крамлях і да сёння непараўнальныя для мяне з гатычнымі саборамі. Як скалануў мяне арган, калі я ўпершыню (у юнацкія гады) увайшоў у касцёл, хоць гэта быў усяго толькі касцёл у Віцебску. Мне здалося тады, што няма на зямлі больш дзівосных гукаў…»

Пасля рэвалюцыі бажніцу зачынілі. Пэўны час тут быў музей атэізму. Аднак кіраўніцтва горада прызнавала гістарычную каштоўнасць касцёла. У сваёй пастанове 1940 года прэзідыўм гарвыканкама адзначае, што «будынак былога касцёла з’яўляецца найбуйнейшым помнікам і адзіным у сваім стылі гістарычным помнікам у горадзе».

У час вайны касцёл быў значна пашкоджаны, і хаця навуковая камісія прызнавала, што будынак можа быць з поспехам адноўлены (тут меўся размясціцца Палац фізкультуры), аднак гэтага рабіць не сталі і яго проста знішчылі. Гэта быў 1961 год.

У час перабудовы і пазней грамадскасць горада неаднойчы выказвалася за аднаўленне святыні, рабіліся праекты. Былі варыянты наогул яе развярнуць, каб больш камфортна было ўсім удзельнікам руху. 

Праблема размяшчэння новабудоўлі ў тым, што даўнія падмуркі выступаюць на праезджую частку ў раёне моста праз Віцьбу да Канцэртнай залы «Віцебск». Вядома, на сённяшні час вуліцу Леніна проста немагчыма звузіць, улічваючы транспартны паток, які, натуральна, зусім не такі, якім быў у 1700-я. Больш за тое, павінна застацца частка тратуара: каля трох метраў для камфорту гараджан. Таму будынак плануецца ссунуць углыб пры захаванні яго габарытаў. Разглядаецца і перанос фантана «Зліццё трох рэк» на іншы бераг Віцьбы.

Аднаўленне храма (а ён унесены ў генеральны план Віцебска на рэканструкцыю) дазволіць вярнуць гістарычнаму цэнтру закончанасць і дасканаласць, зробіць яго больш прывабным для турыстаў. Першы крок зроблены. Верыцца, што неўзабаве будуць і іншыя, і дыямент старадаўняга Віцебска зноў перажыве адраджэнне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0