«24 лістапада 1996 года ў краіне адбыўся рэфэрэндум, па выніках якога была скасаваная заканадаўчая ўлада, а Лукашэнка самаўпраўна дадаў сабе 2,5 гады да тэрміна», — заявіў напярэдадні Мікола Статкевіч.
Акцыя, па задуме Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, у склад якой уваходзіць і Статкевіч, распачынае кампанію «За новыя выбары, за новую ўладу!»
18:30
Акцыя скончылася без затрыманняў і складання адміністрацыйных пратаколаў.
18:28
Прамаўляе Павел Севярынец: «Рэжым не здолее аддаць краіну Расіі, бо тут ёсць людзі, якія гатовыя бараніць незалежнасць».
18:25
Па прапанове Статкевіча абвяшчаюць хвіліну маўчання ў памяць зніклых Ганчара і Захаранкі.
18:20
Выступае Любоў Станкевіч з Бабруйску. Кажа, што людзей дураць з прыватызацыяй. «Хопіць маўчаць».
Бярэ слова Уладзімір Някляеў. Ён кажа, што ўтрымліваць дыктатуру дапамагае сёння не толькі Расія, але і Еўрасаюз. «Гэта ўсё рухне ў адзін дзень».
18:15
Міліцыя заклікае разыходзіцца.
Статкевіч звяртаецца да людзей: «Лукашэнка скраў у нас 20 гадоў, але мы не скарыліся. Беларусь чакае, калі з'явіцца надзея, тады на плошчы выйдуць дзясяткі тысяч чалавек».
Статкевіч працягвае: «Нас чакаюць цяжкія, драматычныя часы. Калі ў нас будзе шанец памяняць уладу, то мы яго не выпусцім».
18:10
Сабралося каля сотні чалавек каля ратушы. Пад сцягамі ЕС на ганку — Статкевіч, Някляеў, Севярынец.