Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў пракаментаваў перадачу «Час пакажа» на расійскім Першым канале. У праграме актыўна цытавалася і абмяркоўвалася кніга «Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V—ХV ст.» Алега Трусава. «Але мы сапраўдныя рускія, а не тыя, што з’явіліся ў 1497 годзе. Яны — татары», — зачытвалі ў эфіры «вытрымкі» з кнігі.

«Самае смешнае, што тых цытат у кнізе няма, — смяецца Алег Трусаў. — Яны селі ў галёшу па поўнай. Гэта як савецкая прапаганда, якая не чытала, але асуджае. Гэтак і яны не чыталі маю кнігу.

Дадзеная цытата — гэта гумар з аднаго з маіх інтэрв’ю. Некалі Лукашэнка сказаў, што мы «рускія са знакам якасці», ён часта інтуітыўна, не ведаючы, нават кажа правільныя рэчы, таму я развіў гэтую цытату, пажартаваў. Хай яны знойдуць, дзе я пішу такое ў кнізе?»

Алег Трусаў кажа, што расійскія тэлевізійнікі абрывалі ягоны тэлефон, званілі разоў дзесяць. «Прапаноўвалі аплаціць самалёт, гатэль. Я растлумачыў, што заняты, магу прыехаць у канцы снежня, а яшчэ лепш у пачатку студзеня. Не, мы вас запланавалі на цяпер. Як гэта запланавалі? Кажу, давайце ў Мінску запішам, ці па скайпе. Не, ні ў якую».

Па словах спадара Трусава, у эфір таксама клікалі іншых вядомых гісторыкаў і не толькі — Валянціна Голубева, Анатоля Тараса, Уладзіміра Коласа, Сяргея Харэўскага, аднак усе яны адказалі адмовай.

Кніга «Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V—ХV ст.» выйшла накладам 300 асобнікаў. На сённяшні дзень яна разышлася цалкам. «Да канца года плануем перавыдаць яшчэ 100—150 асобнікаў, а пасля выкладзем падручнік у адкрыты доступ у інтэрнэт», — кажа гісторык.

Спадар Трусаў таксама пастаянны ўдзельнік падобных шоу на беларускіх тэлеканалах, мы папрасілі яго параўнаць убачанае. «На гэтым фоне Гігін проста святы чалавек, ён ніколі не скатваецца да абразаў, боек. А яшчэ Гігін напрыканцы дае 30 секунд кожнаму, якія ніколі прынцыпова не абразае. Дый Гігін — гэта ж наш чалавек, вучань Валянціна Голубева. Ён выдатна ведае беларускую гісторыю, а тое, што мае іншыя погляды, дык гэта і ёсць дэмакратыя».

«У Расіі цяпер крызіс жанру. Ім патрэбная маленькая пераможная вайна, — працягвае Трусаў. — Таму яны і звяртаюць увагу, то на Беларусь, то на Прыбалтыку. Лукашэнка — малайчына. Ён паказаў, што самастойны палітык, а не марыянетка, не васал. У Расіі ўсе думалі, што ў Беларусі будзе база вайсковая, а Лукашэнка знайшоў мужнасць адмовіць. Тое самае было і з прызнаннем Крыма, Асеціі і Абхазіі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?