З вашых старонак маю шанец зьвярнуцца да экс-кандыдата ў прэзыдэнты, палітвязьня Аляксандра Мілінкевіча. Зьвярнуцца да чалавека, якому паверыла вялікая частка беларускага народу, за якім выйшлі на вуліцы дзясяткі тысяч людзей. Зьвярнуцца з пытаньнем: што далей? Каб яго абдумаць, тэрмін дадзены дастатковы.

Ад імя тых, хто ня хоча расчаравацца, хто выказвае падтрымку ўсім палітвязьням Беларусі,

    Адпачынак. Сьпяшацца няма куды.

    На бліжэйшых пятнаццаць дзён

    Распарадак вядомы (гады ў рады!),

    Невядома, ці будзе плён.

    Абіраў, меркаваў ты, настойваў, хацеў,

    Ці ня здолеў ужо мяняць,

    Толькі сёньня твой лёс – гэта камэр прыцэл

    Ды ў камэры цішыня.

    І калі на чале калёны ўстаў

    Ды Чарнобыльскім шляхам ішоў,

    І калі грэлі рукі кайданак сталь –

    Колькі дзён перадумаў зноў?

    Ад паверкі першай каля сямі

    Да апошняй у дваццать тры –

    Падарунак, дадзены лёсам тваім:

    Час, каб думаць і гаварыць,

    Час прыйсьці да высноў, час памылкі шукаць,

    Назапашваць спартовую злосьць,

    Час прызнацца, ці хочаш ты нешта мяняць,

    Ці ўжо добра табе як ёсьць.

    Засталося ці шмат дарогі тваёй?

    Ці пасьпееш пакінуць знак?..

    Мала выйсьці з узьнятаю галавой.

    Ты ня помнік, ты – Лідэр. Ці так?

Алена Церашкова

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0