Літаратура1010

Невядомае інтэрв'ю Васіля Быкава пра Уладзіміра Караткевіча

«Мова Нанова» апублікавала гутарку Сяргея Шапрана з Васілём Быкавым, што адбылася 13 гадоў таму.

Фота movananova.by

Ішоў 2003 год. Васіль Быкаў жыў тады ў Празе. Разам з Рыгорам Барадуліным, калі ён завітваў у рэдакцыю «Белорусской деловой газеты», мы час ад часу тэлефанавалі Васілю Уладзіміравічу і з нейкай нагоды, і проста так… Патэлефанавалі і 20 лютага, каб распытаць пра Уладзіміра Караткевіча: я рыхтаваў для дадатку да «БДГ» «БДГ. Для служебного пользования» вялікі артыкул пра Уладзіміра Сямёнавіча, але толькі невялічкая частка той размовы патрапіла тады на газетныя палосы, сама ж нашая гутарка так і засталася на аўдыёкасеце. Зрэшты, яе нельга назваць інтэрв’ю ў звычайным сэнсе, бо гутарка ад самага пачатку не будавалася па канонах інтэрв’ю, — мяне найперш цікавіла думка Васіля Быкава адносна пэўных момантаў біяграфіі Уладзіміра Караткевіча.

Сяргей Шапран

Падчас святкавання 50-годдзя Уладзіміра Караткевіча.

Сяргей Шапран: Васіль Уладзіміравіч, некалі ў адным з выступаў Вы сказалі, што Караткевічу пры жыцці было недададзена ўвагі. На думку Адама Мальдзіса, гэтыя словы патрабуюць канкрэтызацыі: калі менавіта было недададзена ўвагі, па чыёй віне? Як бы Вы адказалі на гэтае пытанне?

Васіль Быкаў: Па віне найперш беларускай літаратуры. Не магу ж я вінаваціць у недахопе ўвагі да Караткевіча КДБ — з гэтага боку ўвагі да яго было якраз дастаткова. І з боку кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў увагі таксама было дастаткова — яго, дзякуй Богу, распрацоўвалі і, так бы мовіць, «сядзелі» на ім. А вось што тычыцца сяброў і літаратуры ўвогуле — гэта значыць, у пашыраным сэнсе, — дык тут увагі было аддадзена мала і яму самому, і ягоным творам, бо вядома ж, куды ў той час была скіраваная ўвага літаратуры — на тых літаратараў і на тыя творы, якія прэміраваліся, якім прысуджаліся дзяржаўныя прэміі. І гэта — у шкоду прэміям Уладзіміру Караткевічу. Вось што я меў на ўвазе.

Мікола Аўрамчык, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч. Фота Уладзіміра Крука.

СШ: Як Вы лічыце, калі б яшчэ пры жыцці Караткевіч быў ацэнены па сваёй вартасці, змог бы ён напісаць больш, чым напісаў?

ВБ: Ну, пра гэта заўсёды цяжка гаварыць. Я думаю, што кожны піша роўна столькі, колькі можа і колькі сам мае ў тым патрэбы. І таму патрабаваць ад Караткевіча, каб ён напісаў тое, што ён не напісаў, немагчыма. Мяркую, ён напісаў дастаткова: здаецца, 7 ці 8 тамоў ягоны Збор твораў. Ну, гэта нямала, нямала… Тым больш літаратура такой якасці — паэзія, проза, эсэістыка. І яшчэ ліставанне, прычым вельмі добрае ліставанне, якое некалі надрукаваў Янка Брыль.

СШ: Гэта ў кнізе «Шляхам гадоў»?

ВБ: Так, вельмі добрае. Я думаю, што і іншыя таксама маглі б нешта надрукаваць — тыя, з кім ён быў у актыўнай перапісцы.

СШ: Адам Мальдзіс прыгадваў: у часы, калі пасля разноснай крытыкі ў Караткевіча апускаліся рукі, Брыль настойліва ўгаворваў яго не паддавацца чорнаму настрою і — пісаць, пісаць, пісаць! [Тут Барадулін, які чуў нашу з Быкавым гутарку, сказаў: «Глупства гэта!»] На гэта Валодзя агрызаўся: «Па вашай бы шкуры пісаць! Хто ж друкаваць будзе?!» У адказ Брыль прывёў словы Хемінгуэя: «Пішы сумленна, а калі-небудзь цябе прызнаюць, хай нават пасля смерці, што больш сумна». Васіль Уладзіміравіч, пытанне ў гэтай сувязі: ці магла ўплываць на Караткевіча вось гэтая сітуацыя, калі ён часам вымушаны быў пісаць, як кажуць, у стол?

ВБ: Напэўна, уплывала… Мяркую, Мальдзіс быў бліжэй да яго ў той час — яны сябравалі. Я ўсё-такі жыў у гэтыя гады ў Гародні, а з ім сустракаўся рэдка… Вядома, уплывае, Божа мой! Бо аўтар заўсёды вызваляецца ад твора, над якім працуе гадамі, ужо пасля таго, як ён выходзіць у друк. Тады толькі ён можа абстрагавацца ад яго і прыступіць (хоць бы ў думках) да нечага новага. А калі твор застаецца нерэалізаваным — гэта значыць, напісаным, але ненадрукаваным, — тады ён маральным грузам цісне на душу. Гэта ж зразумела.

Мікола Аўрамчык, Васіль Быкаў, Аляксандр Дракахруст, Уладзімір Караткевіч. Фота Уладзіміра Крука.

СШ: Караткевіч пісаў у адным з лістоў: магчыма, гэта лёс усклаў на плечы якіх-небудзь трыццаці людзей цяжар цэлага народа, каб даведацца, ці ёсць мяжа сілам чалавечым, і той, хто ўцячэ, — той горш за дэзерціра. У звязку з гэтым пытанне збольшага рытарычнае: думаю, у гэтым сэнсе Караткевіч дэзерцірам ніколі не быў?

ВБ: Вядома, не быў. Ён працаваў як вол. Ён шмат працаваў. І ў Мінску, і ў Маскве, калі там вучыўся, і ў Оршы, і падчас сваіх падарожжаў яго душа заўсёды працавала…

Каментары10

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

СК апублікаваў відэазапіс падзення беспілотніка. На абломках паказалі ўкраінскія надпісы26

СК апублікаваў відэазапіс падзення беспілотніка. На абломках паказалі ўкраінскія надпісы

Усе навіны →
Усе навіны

Глутамат натрыю ізноў набірае папулярнасць. Магчыма, яно і някепска?6

Ціханоўская падпявала гімну Літвы14

Двухгадовае дзіця загрызла кобру да смерці8

Як дроны залятаюць з Беларусі ў Літву? У iSANS расказалі, што вядома1

«У нас супольны вораг — імперская Расія». Ціханоўская выступіла на мітынгу ў падтрымку Украіны31

Ціханоўскі: Прыехаў бы і паціснуў Трампу руку34

«Гэта гульня ў два бакі». «Кіберпартызаны» расказалі, што іх здзівіла ў сістэмах «Аэрафлота» і што будзе з данымі пасажыраў5

«У нас у Літве проста так не б'юць». Збіты журналіст «Маланкі» расказаў, як ідзе расследаванне інцыдэнту14

«Дэзарыентаваны СПА Украіны». У Літве назвалі найбольш верагодную версію, чаму на яе тэрыторыю зноў заляцеў чужы дрон3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

СК апублікаваў відэазапіс падзення беспілотніка. На абломках паказалі ўкраінскія надпісы26

СК апублікаваў відэазапіс падзення беспілотніка. На абломках паказалі ўкраінскія надпісы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць