Зімовае надвор'е чакаецца ў Беларусі на гэтым тыдні, паведаміў начальнік служы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.

фота Юліі Бальцэвіч

«Зімовае і няўстойлівае надвор'е чакае Беларусь на гэтым тыдні. Зіма пачынае генеральнае наступленне. Сярэдняя тэмпература чакаецца на 2-4 градусы ніжэй за норму», — растлумачыў сіноптык.

Да канца лістапада ўмовы надвор'я на тэрыторыі краіны будзе вызначаць халодная няўстойлівая паветраная маса і атмасферныя франты.

У аўторак, 29 лістапада, на большай частцы тэрыторыі пройдзе кароткачасовы снег, мокры снег. Ноччу і раніцай у асобных раёнах Брэсцкай і Гродзенскай абласцей чакаецца моцны мокры снег, наліпанне мокрага снегу, слабы галалёд. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 3-8, па паўночным усходзе пры праясненнях прагназуецца 9-12 марозу, удзень будзе ад нуля да мінус 5 градусаў.

У сераду, 30 лістапада, ноччу па захадзе, днём на большай частцы тэрыторыі пройдзе снег, мокры снег, па захадзе з дажджом. У асобных раёнах магчымы слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Уначы будзе 4-11 марозу, пры праясненнях да мінус 15, удзень - ад мінус 5 па ўсходзе да плюс 2 па захадзе краіны.

«Снежань пачнецца зімовым надвор'ем, якое будуць вызначаць атмасферныя франты і халодныя паветраныя масы арктычнага паходжання», — расказаў Дзмітрый Рабаў.

Да канца тыдня на большай частцы тэрыторыі прагназуецца снег, мокры снег, у чацвер па паўднёвым захадзе з дажджом. У асобных раёнах магчымы слабы галалёд, на дарогах - галалёдзіца. Тэмпература паветра ў чацвер ноччу складзе ад нуля да мінус 6, удзень - ад мінус 3 да плюс 2. У пятніцу ноччу будзе 1-7 марозу, днём - ад нуля да мінус 5 градусаў.

У першыя зімовыя выхадныя ноччу чакаецца 3-9 градусаў марозу, пры праясненнях - 10-13 ніжэй за нуль, днём будзе ад нуля да мінус 7.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?