27 лістапада ў мінскім храме Пакрову Прасвятой Багародзіцы, дзе тыдзень таму ўпершыню за апошнія 100 гадоў маліліся за графа Міхаіла Мураўёва, вядомага ў Беларусі як Вешальнік, правялі міжнародную навуковую канферэнцыю, прысвечаную яго памяці, пад назвай «Гатовы сабой ахвяраваць…»

У праграме канферэнцыі паведамляецца, што яе блаславіў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел. Арганізатарамі выступілі навукова-асветніцкі праект «Заходняя Русь» і Брацтва ў гонар архістратыга Міхаіла.

З дакладамі на канферэнцыі выступілі прафесары і дацэнты беларускіх і расійскіх ВНУ і прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы.

Настаяцель храма мінскага храма Пакрову Прасвятой Багародзіцы архімандрыт Васіян паабяцаў, што ўсе ўдзельнікі канферэнцыі будуць выступаць, «зыходзячы выключна з пазіцый строгага навуковага падыходу, каб пазбегнуць прадузятага стаўлення і разабрацца ў падзеях той эпохі і аб’ектыўна разгледзець у іх ролю графа Мураўёва».

Задушыў «польскае паўстанне на беларускай зямлі»

«Мы адкрываем канферэнцыю, прысвечаную памяці яскравай і выдатнай асобы, якая мела важнае значэнне для гісторыі беларускага народа — графа Міхаіла Мураўёва. З імем гэтага чалавека звязаная важная старонка нашай гісторыі, якая прыпадае на сярэдзіну XIX ст., калі на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўспыхнула польскае паўстанне. Вялізнае значэнне ў задушэнні гэтага паўстання і вяртанні мірнага жыцця належыць графу Мураўёву. Яго цвёрдае кіраўніцтва дазволіла яму ў кароткія тэрміны спыніць жорсткія забойствы мірных грамадзян, крадзяжы і гвалт. Наш абавязак — перадаць нашчадкам дакладныя зьвесткі пра гісторыю, не замоўчваць і не ўтойваць ніякіх фактаў. Заслугі графа Мураўёва з розных прычын раней не былі ацэненыя ў поўнай меры», — сказаў архімандрыт Васіян.

Кастусь Каліноўскі дэманізаваў «маскаля»

Кандыдат гістарычных навук, прафесар Інстытута тэалогіі БДУ Аляксандр Бендзін адзначыў, што ў Беларусі ўпершыню ўшаноўваецца памяць Мураўёва. У сваім дакладзе «Граф Мураўёў Віленскі — уціхамірнік і рэфарматар Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі 1863—1865 гг.» ён даў ацэнку газеце «Мужыцкая праўда», якую выдаваў Кастусь Каліноўскі:

«Адна са сфераў прапагандысцкай дзейнасьці ўвасобілася ў так званай «Мужыцкай праўдзе». Гэта быў агітацыйны лісток, які пісаўся на наўмысна псеўданароднай мове адукаваным чалавекам, які знарок падладжваўся пад масавую свядомасць неадукаванага сялянства. Гэтым чалавекам быў Каліноўскі, які цяпер прадстаўляецца як нацыянальны герой. Ва ўлётцы «Мужыцкая праўда» ён пісаў, што пасля паўстання мужыкам абяцаецца нейкая вольнасць, якую ён маляваў як утапічны мужыцкі рай, дзе няма ні падаткаў, ні паноў. Гэта значыць, абяцаў мужыкам аналаг махноўшчыны, гэта значыць анархіі».

Аляксандр Бендзін адзначыў, што ва ўлётках Каліноўскага малюецца «злавесны вобраз маскаля».

«Ад прапаганды Каліноўскага патрабавался перанакіраваць энергію сацыяльнай нянавісці, якую сяляне адчувалі да памешчыкаў, на маскаля. Таму ва ўлётках з'яўляецца дэманічны вобраз маскаля, у якім ўвасабляецца ўсё зло, сутнасць бедаў селяніна — гэта і Расія, і манарх Аляксандр II, і велікаросы, і праваслаўе. Усё гэта выкарыстоўвалася дзеля таго, каб завабіць беларускага селяніна ў самагубную пастку польскага паўстання».

«Дзейнічаў выключна ў межах законнасці»

Адказваючы на пытанне з залы, чаму граф Мураўёў атрымаў у народзе мянушкі Вешальнік і Людаед, Аляксандр Бендзін сказаў, што гэта заслуга прапольскай прапаганды, якую пасля падхапілі беларускія нацыяналісты. Асабліва ён абурыўся таму, што вешальнікам называюць Міхаіла Мураўёва ў беларускіх падручніках па гісторыі:

«У гэтым паўстаньні вельмі важную ролю адыгрывала прапаганда. Вобраз Мураўёва-вешальніка з'явіўся ў польскай прапагандзе. Пасьля яго ахвотна падхапілі расійскія лібералы, пра гэта пісаў Герцэн у сваім выданні «Колокол». Быў патрэбен дэманічны вобраз Мураўёва, які б увасабляў азіяцкую жорсткасць расійскай улады. Але насамрэч гэта толькі прапагандысцкі штамп, бо Мураўёў дзейнічаў выключна ў межах законнасці. Ён душыў узброенае паўстанне супраць улады. Зразумела, што існавалі законы, паводле якіх адбываўся суд над мяцежнікамі, частка з іх была пакараная смерцю. Загінулі не нявінныя людзі, а людзі, якія са зброяй у руках выступілі супраць расійскай улады. Трэба сказаць, што вобраз Мураўёва-вешальніка ахвотна падхапіла беларуская гістарыяграфія, якая крытычна ставілася да перыяду знаходжання беларускай тэрыторыі ў складзе Расейскай імперыі. Таму ў беларускіх падручніках да гэтага часу прысутнічае злавесны вобраз Мураўёва-вешальніка».

Праваслаўны «рускі свет» варты забойстваў, якія ўчыніў Мураўёў

Разважаючы пра маральна-рэлігійны аспект дзейнасці графа Мураўёва, удзельнікі канферэнцыі адзначылі, што сярод пакараных смерцю былі 8 каталіцкіх святароў. Прычым першы расстрэл ксяндза адбыўся публічна і ўжо праз тыдзень пасьля прыезду графа Мураўёва ў Вільню.

Протаіерэй Аляксандр Раманчук, які выступіў з дакладам «Рэлігійна-культурныя перадумовы паспяховага задушэння шляхецкага паўстання 1863—1864 гг.», адзначыў, што Мураўёў не патрабаваў пазбаўляць асуджаных на смерць ксяндзоў сану, і расстраляныя яны былі не як грамадзяне, якія парушылі закон, а як каталіцкія святары, якія чыталі маніфест рэвалюцыйнага кіраўніцтва і заклікалі людзей да бунту.

«З аднаго боку, можна падумаць, што для такога «вуснага» злачынства пакаранне сьмерцю занадта суровае. Але трэба дадаць, што Мураўёў задумаў пакараць смерцю прадстаўнікоў каталіцкага духавенства яшчэ да прыбыцця ў Вільню. Ён добра разлічыў гэты крок для ўціхамірвання ахопленых бунтам губерняў».

Далей протаіерэй Раманчук задаў пытанне, якую цану для Мураўёва асабіста меў расстрэл васьмі ксяндзоў. І адказаў на яго наступным чынам:

«Фактычна ён паставіў пытанне, ці мае ў вачах Бога расійскі праваслаўны свет такую каштоўнасць, каб дзеля яго караць смерцю каталіцкіх святароў. Быўшы праваслаўным вернікам, ён адказаў на гэтае пытаньне станоўча і выканаў прысуды. Такім чынам, ён пагадзіўся ў поўнай ступені несці адказ за свае дзеянні перад Богам у пытанні выратавання душы. Такім чынам, мы не можам адмаўляць, што граф Мураўёў, расстраляўшы 8 каталіцкіх ксяндзоў, выступіў у ролі расейскага рэлігійнага і нацыянальнага лідара і тым здзейсніў асабісты духоўны подзвіг самаахвярнасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?