Больш за год прайшло з гучнага затрымання трох графіцістаў. Сёння хлопцы на волі, усё, здавалася б, нармальна. Але адзін з іх, Вячаслаў Касінераў, сцвярджае, што міліцыя сочыць за ім, працягвае ціск на яго і яго сям’ю.

Вячаслаў Касінераў

Вячаслаў Касінераў

Вячаслаў не мае сталай працы: падпрацоўвае, па яго словах, то там, то тут. Але ж ён стала ўдзельнічае ў рознага кшталту акцыях і мерапрыемствах, шэсцях і дэманстрацыях.

Леташнія падзеі не прымусілі хлопца сядзець ціха. Сёлета разам з сябрамі ён хадзіў у суд падтрымліваць раварыста Паліенку, распаўсюджваў улёткі і налепкі, прысвечаныя ўгодкам паўстання Каліноўскага, праводзіў акцыю прысвечаную Слуцкаму збройнаму чыну, удзельнічаў у шэсці на Дзяды.

Па словах Касінерава, міліцыі такая яго актыўнасць вельмі і вельмі не падабаецца.

«Напрыклад, на Дзядах наш банэр сваімі целамі закрывала 12 амапаўцаў у цывільным. Сёння ГУБАЗ — а менавіта яны займаюцца і займаліся намі раней — пільна капае пад мяне, бо падчас так званай лібералізацыі за пікеты і шэсці мяне не закрыеш нават на суткі, тут максімум штрафы. Але тое, што мы агучваем у СМІ і на масавых мерапрыемствах (мы падымаем пытанні палітзняволеных, праводзім кампаніі салідарнасці з антыфашыстамі) — іх гэта вельмі злуе, — кажа Вячаслаў. — Таму кожнага актывіста, хто так ці інакш трапляе на допыты, ГУБАЗ вельмі пільна распытвае пра мяне. Міліцыянты кажуць хлопцам, што збіраюцца павесіць на мяне ўсе акцыі, па якім нікога не знайшлі, ці проста пагражаюць накапаць штосьці і ўсё роўна пасадзіць. Яшчэ падчас справы графіцістаў міліцыянты намякалі маёй маці: «Гэтыя хлопцы сядуць, не за гэта, дык за наркату».

Касінераў з сябрамі ўдзельнічалі ў сёлетнім шэсці на Дзяды з расцяжкай: «Фашызм мае шмат колераў. Але вынік…». Фота — Дзмітры Брушко, tut.by 

Касінераў з сябрамі ўдзельнічалі ў сёлетнім шэсці на Дзяды з расцяжкай: «Фашызм мае шмат колераў. Але вынік…». Фота — Дзмітры Брушко, tut.by 

Касінераў кажа, што некалькі разоў за апошнія пару месяцаў яго затрымлівалі за пікеты, складалі пратакол і адпускалі.

«Са мной нават не спрабуюць размаўляць, разумеюць, што бессэнсоўна, таму ціснуць на знаёмых і блізкіх», — сцвярджае Вячаслаў.

Па словах хлопца, некалькі разоў яго дзяўчыну спрабавалі выклікаць у міліцыю:

«Выклікалі на размову некалькі разоў, па не вельмі зразумелай прычыне, фактычна без агучвання, навошта. Выклікалі нібыта з-за выездаў за мяжу… Абсалютна абсурдная нейкая падстава была там. Яна ў выніку не хадзіла туды».

Таксама, кажа Вячаслаў, міліцыя неаднаразова прыходзіла да яго маці.

«Асабліва актыўна пачынаюць хадзіць пасля акцый, калі дакладна ведаюць, што гэта зрабілі мы, але не маюць доказаў. Ці перад якімі выбарамі, прыездамі сюды замежных палітыкаў. Я бачу гэта як форму ціску на мяне праз сваякоў, — мяркуе хлопец. — Калі праводзяцца гучныя кампаніі салідарнасці, то ходзяць дахаты, спрабуюць выведаць штосьці ў маці, брата. Ці прадстаўляюцца ўчастковым, ці не прадстаўляюцца агулам. Мае размаўляюць з такімі «гасцямі» праз дзверы, бо я навучыў не адчыняць. Дык «наведнікі» могуць па 20 хвілін пад дзвярыма стаяць і пытацца, дзе я, дзе быў у нейкі час і гэтак далей.

Падчас кампаній салідарнасці з Паліенкам, напрыклад, такое было некалькі разоў. Прамым тэкстам праз дзверы маці казалі, што існуе загад з усімі маімі сваякамі правесці прафілактычныя размовы. Чый загад, з якой халеры — ніхто не ўдакладняе. Маці іх проста высылала, кажучы, што будзе запрашаць СМІ і праваабаронцаў».

Касінераў упэўнены, што гэта ўсё звязана з яго антыфашысцкімі поглядамі.

Вячаслаў Касінераў на сёлетнім Дні Волі

«Вялікая кампанія ўладаў супраць антыфа ідзе ўжо больш за год. Шмат каго амаль штотыдзень забіраюць з працы, з хаты, возяць у ГУБАЗ на допыты. І кожны, хто выходзіць ад іх, кажа, што па мне асабістыя пытанні, маўляў, я іх «дастаў і мяне любым чынам закрыюць». Тое ж самае чую ад актывістаў анархічнага руху, якія таксама зараз пад катком рэпрэсій і таксама частыя госці на допытах».

Вячаслаў сцвярджае, што за ім час ад часу нават вядуць вонкавае назіранне.

«Я чамусьці як медыйная персона ў іх [міліцыянтаў] праходжу, як лідар. Хоць гэта і не так. Але ж прынамсі за парай маіх паплечнікаў, як і за мной часам, перад пэўнымі падзеямі (тыя ж выбары парламенцкія) вядзецца вонкавае назіранне, — упэўнены Касінераў. — На такое з часам выпрацоўваецца чуйка… Ды яны і не хаваюцца асабліва».

Дарэчы, пра тое, што міліцыя працягвае цікавіцца Вячаславам, яшчэ раней паведамлялі «Нашай Ніве» хлопцы, звязаныя з антыфашысцкім рухам. Напрыклад, двое анархістаў, якіх затрымлівалі яшчэ ўлетку, таксама расказвалі, што іх выклікалі ў ГУБАЗ, цікавіліся: ці знаёмыя тыя з Касінеравым?

«Я не баюся таго, што адбываецца… Я проста жадаю, каб, калі мяне закрыюць, грамадства ведала б, што гэта ні за што. Бо ведаю, што мяне пачнуць публічна аплёўваць у праўладных СМІ. Ды і агалошванне таго, як «працуе» са мной міліцыя, можа, устрымае іх ад правакацый… Ну і на будучым мажлівым судзе гэта будзе паказчыкам іх хлусні і мэтанакіраванага рэпрэсавання мяне за мае погляды і дзейнасць», — пасміхаецца Вячаслаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?