Пра гэта паведамілі ў грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).

Тут і ніжэй фота: ptushki.org

Гэтая птушка сустрэлася ў не самым рамантычным месцы — на Паўночным сметніку Мінска, які афіцыйна называецца палігонам цвёрдых бытавых адходаў «Паўночны». Чайка вялікіх памераў з белымі крыламі трапіла ў поле зроку дырэктара АПБ Аляксандра Вінчэўскага, які ў апошнія 10 гадоў спецыяльна «паляваў» на гэты від, шукаючы яго сярод тысяч чаек.

«У гэты раз на сметніку было каля тысячы чаек. Я адразу з радасцю паклікаў да трубы сваіх спадарожнікаў, чайка дала сябе разглядзець і сфатаграфаваць. Першыя сумневы ў правільным вызначэнні хутка зніклі. Праз пяць хвілін уся зграя ўзляцела, патрывожаная коршакам. Мы правялі на палігоне яшчэ дзве гадзіны, але больш бургамістра не сустрэлі», — сказаў Аляксандр Вінчэўскі.

Бургамістр — гэта другая па велічыні чайка ў свеце, з размахам крылаў да 158 см і вагой да 2 кг. Гэты від гняздуецца ў палярных абласцях, а зіму праводзіць звычайна ў Паўночнай Атлантыцы. Рэгістрацыі гэтага віду ўжо былі ў краінах-суседзях: Літве, Латвіі, Польшчы. Гэта давала падказку беларускім арнітолагам, што птушка можа заляцець і ў Беларусь.

Пацвердзіць вызначэнне віду і ўнесці бургамістра 330-м відам у спіс птушак Беларусі павінна Беларуская арніта-фаўністычная камісія (БАФК).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?