У выніку вайсковай спэцапэрацыі з рук паўстанцаў FARC (Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калюмбіі) вызвалена экс‑кандыдат у прэзыдэнты гэтай краіны Інгрыд Бэтанкур і яшчэ 14 закладнікаў.
Гэты сюжэт варты таго, каб на яго падставе зьняць галівудзкі блокбастэр. Аперацыя пад назвай «Шах» была распрацаваная вайсковай выведкай, якой удалося укараніць сваіх агентаў у сакратарыят (апэратыўнае кіраўніцтва) FARC і ў атрад, які ахоўваў частку закладнікаў.
Прэзыдэнт Урыбэ вітае І. Бэтанкур Фота bbcmundo.com |
Агенты знайшлі два гелікоптэры, пілоты якіх за грошы пагадзіліся даставіць закладнікаў у вызначанае месца, але прызямліліся на авіябазе… ўрадавых войскаў. Паводле іншай вэрсіі, атрад урадоўцаў сам прыбыў у лягер паўстанцаў пад выглядам фаркаўцаў. Цікава, што ў першых паведамленьнях расейскіх СМІ гаворка йшла пра вызваленьне закладнікаў… паўстанцамі.
Як бы то ні было, сёньня радасьць перажываюць сама Інгрыд Бэтанкур, яе дзеці, якія апошнім часам жылі ў Францыі (яна мае падвойнае грамадзянства), прэзыдэнт Калюмбіі Альвара Урыбэ і міністар абароны Мануэль Сантас, якія адмаўляўся весьці перамовы з тэрарыстамі, прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі, які выказваў асабістае зацікаўленьне ў вызваленьні ўсіх калюмбійскіх закладнікаў. Іх застаецца ў джунглях Калюмбіі яшчэ каля 2,5 тыс.
Цікава адзначыць і той факт, што напярэдадні Альвара Ўрыбе сустрэўся ў Багаце з кандыдатам на прэзыдэнты ЗША рэспубліканцам Джонам Маккэйнам, які робіць адзін з акцэнтаў у сваёй выбарчай праграме на барацьбе з калюмбійскай наркамафіяй, шчыльна зьвязанай з паўстанцамі. Асноўнай тэмай гутаркі двух палітыкаў былі вызваленьне закладнікаў і датрыманьне правоў чалавека на кантынэнце ды ва ўсім сьвеце.
У кожнай значнай падзеі, вядома, ёсць два бакі. Хто прайграў у гэтай гісторыі? Прайгралі калюмбійскія паўстанцы, якім прэзыдэнт цяпер прапануе мір на ўмовах пераможцы.
Прайграў прэзыдэнт суседняй Вэнэсуэлы Уга Чавэс, які выступаў за перамовы з тэрарыстамі і нават ледзь не разьвязаў вайну з Калюмбіяй пасьля таго, як яе войскі правялі апэрацыю супраць калюмбійскіх паўстанцаў на тэрыторыі Эквадору. Яму, праўда, удалося дамагчыся вызваленьня некалькіх закладнікаў. Але ж цвёрдая пазыцыя Ўрыбэ, бацька якога быў забіты некалі тэрарыстамі, выявілася больш эфэктыўнай.
І нарэшце, пацярпеў міжнародны імідж кіраўніцтва РБ. Як вядома, у ноўтбуку забітага падчас спэцапэрацыі ў Эквадоры Раўля Рэеса, аднаго зь лідэраў паўстанцаў, была знойдзеная перапіска з Уга Чавэсам, дзе той казаў, што беларускі бок можа прадаць вялікую партыю зброі FARC. Тая апэрацыя, выглядае, была пачаткам пасьпяховых дзеяньняў ураду Калюмбіі ў барацьбе з паўстанцамі, кульмінацыяй якіх стала вызваленьне Бэтанкур і іншых закладнікаў.
А Чавэс і Лукашэнка пацярпелі відавочную іміджавую паразу ў сваім паранаідальным процістаяніні амэрыканскаму імпэрыялізму.