Галоўны ўрач Мінскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Віктар Сірэнка абверг чуткі аб смерці аднаго зь пацярпелых у выніку выбуху ў сталіцы ў ноч на 4 ліпеня. Паводле яго слоў, у пацярпелых таксама не было адарваных канечнасцей.
На сёння ў клініцы знаходзяцца чатыры пацярпелыя ад выбуху. Стан аднаго з іх "цяжкі, але стабільны". Гэта хлопец 18 гадоў, які паступіў у бальніцу з пранікаючым раненнем брушной поласці.
Узрост астатніх трох хворых — ад 18 да 24 гадоў. Паводле слоў В.Сірэнкі, яны паступілі з "мінна-выбуховымі траўмамі", у асноўным ніжніх канечнасцей. Іх стан здавальняючы. Адзін з іх рыхтуецца да выпіскі.
Таксама галоўны ўрач паведаміў, што сёння працягваецца праца кансіліума Міністэрства аховы здароўя, спецыялісты якога аглядаюць пацярпелых у мінскіх клініках і пры неабходнасці прызначаюць ім лячэнне.
Паводле яго слоў, асноўная частка пацярпелых была адпраўлена ў 6-ю гарадскую клінічную бальніцу, у Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр траўматалогіі і артапедыі і 2-ю клініку. Спецыялізаваная меддапамога ўсім пацярпелым, паведаміў галоўны ўрач, была аказана на працягу гадзіны пасля выбуху.
Нагадаем, выбух прагрымеў на перасячэнні праспектаў Машэрава і Пераможцаў каля гадзіны ночы падчас святочнага гала-канцэрта каля стэлы "Мінск — горад-герой". На канцэрце, паводле афіцыйных звестак, прысутнічалі каля паўмільёна чалавек. Там жа знаходзіўся прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, які адразу пасля выбуху наведаў месца здарэння і даў першыя ўказанні па расследаванні злачынства. Нягледзячы на надзвычайнае здарэнне, канцэрт працягваўся.
У выніку выбуху па медыцынскую дапамогу, паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, звярнуліся 54 чалавекі. Усе пацярпелыя былі эвакуяваны з месца здарэння на працягу 20 хвілін. Для аказання першай медыцынскай дапамогі былі задзейнічаны 18 брыгад хуткай дапамогі. Усяго шпіталізавана 47 чалавек, у тым ліку двое дзяцей.