Сур'ёзная аварыя адбылася каля пяці гадзін вечара ў суботу на трасе М6 «Мінск-Гродна». Паводле інфармацыі відавочцаў, каля Шчучына легкавік на закругленні рамантаванага ўчастка ў лабавую сутыкнуўся з МАЗам дарожнай службы. Ад удару грузавік развярнула, ён з'ехаў у кювет. На трасе тут жа пачаў збірацца вялікі затор з фур, аўтобусаў і легкавікоў.

На месца аварыі прыбылі ратавальнікі і медыкі. Легкавы аўтамабіль атрымаў настолькі сур'ёзныя пашкоджанні, што яго пасажыраў «выразалі» з яго, перадае autogrodno.by. На момант выцягвання людзей з салона яны былі жывыя, пазней кіроўца памёр у бальніцы.

Як распавялі ў Гродзенскай ДАІ, у аварыю трапіў аўтамабіль з мужам і жонкай. На «Пежо» гарадзенцы вярталіся дадому па аўтадарозе «Мінск-Гродна». У Шчучынскім раёне маршрут іх руху пралягаў праз рамантаваны ўчастак. На 203-м кіламетры аўтастрады кіроўца не ўпісаўся ў правы паварот, выехаў на сустрэчную паласу, дзе ўрэзаўся ў «МАЗ» дарожнай службы, які развярнуўся і з'ехаў у кювет.

Праз чатыры гадзіны пасля аварыі кіроўца памёр у рэанімацыйным аддзяленні бальніцы. Яго жонка шпіталізаваная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0