Штогод 3 ліпеня, на Дзень вызваленьня Беларусі, дзед Антон езьдзіў на сустрэчу былых партызанаў брыгады «Сьмерць фашызму». Піша Алесь Аркуш.

Сустрэча ладзілася ў вёсцы Юрава (мясцовыя жыхары называюць вёску менавіта так, а ня Юр’ева) побач з брацкай магілай загінулых у Другой сусьветнай вайне. На магіле ўсталявалі помнік: салдат са схіленым у жалобе сьцягам. Звычайна дзеда адвозіў на сваёй машыне мой бацька, які за кампанію браў і мяне. Такім чынам, езьділі мы ўтрох: я, бацька і дзед.

Прыбыўшы на месца, дзед Антон папярэджваў нас, што доўга не забавіцца, каб мы яго пачакалі.

3 ліпеня ў Юраве было мнагалюдна, як у вялікім горадзе. Грала музыка, луналі сьцягі, працаваў выязны гандаль, праз кожныя дзесяць мэтраў дыміліся паходныя мангалы, дурманячы пахам сьмажанага мяса. Сьвята пачыналася мітынгам ля помніка - урачыстымі прамовамі былых камандзіраў, піянэрскімі салютамі і гукамі горнаў. Пасьля ўрачыстай часткі ўдзельнікі сустрэчы дзяліліся на групы – па колькасьці атрадаў, зь якіх складалася брыгада «Сьмерць фашызму». Кожны атрад адзначаў Дзень вызваленьня асобна. Выглядала, што для тутэйшых партызанаў 3 Ліпеня было большым сьвятам за 9 Траўня, Дзень перамогі. Беларусь ня шмат мела ўласных сьвятаў. Бадай што толькі адно. Сканчвалася ўсё тым, што партызанаў шукалі і зьбіралі па ўсім навакольлі. Вясковыя кабеты з Юрава і суседніх вёсак звычайна даручалі гэта сваім дзяцям або ўнукам, якія павінны былі пільнаваць пераможцаў.

Былыя народныя мсьціўцы любілі зьбірацца на гэтае сьвята ня толькі праз дармовую гарэлку. Тут нярэдка вырашаліся прыватныя праблемы, бо рэспублікай на той час працягвалі кіраваць партызанскія камандзіры. У Дзень вызваленьня ў Юраве заўжды было каму паскардзіцца на несправядлівасьць. Начальнікі прыяжджалі нават з Масквы. Кагосьці абдзялілі кватэрай, нехта пазбавіўся пасады, камусьці несправядліва прызначылі пэнсію. Баявога таварыша нельга было пакідаць у бядзе.

Антон Іванавіч сапраўды ня бавіўся. Перакідваў чарку-другую, сьвятая справа, але ніколі не вяртаўся ў Жодзіна п’яным. Такога я ня помню. Як правіла, ён не заставаўся на атрадныя пагулянкі ў вузкім коле. Падобна, ён ня меў партызанскіх сяброў. Ня помню таксама, каб ён нешта апавядаў па дарозе, калі мы адвозілі яго дахаты.

Тады я не зьвяртаў на гэта ўвагі, балазе тыя дзьве-тры гадзіны да чорцікаў надакучвала яго чакаць, дый ня мог тое зразумець дзіцячым розумам. Дарэчы, якраз у тыя гады, у пэрыяд моцнай партызанскай улады ў Беларусі, дзед Антон пазбавіўся сваёй пасады – начальніка жодзінскай чыгуначнай станцыі. Гады ўжо былі ня тыя, дый ня меў адпаведнай адукацыі. Далей ёй працаваў сьціплым дзяжурным па вакзале. Ня думаю, што ён каму-небудзь скардзіўся з тае нагоды.

У Жодзіне Антон Іванавіч апынуўся ў 1938-м, перавялі са станцыі Слаўнае, што на Талачыншчыне. У той год амаль увесь склад жодзінскіх чыгуначнікаў быў арыштаваны і асуджаны як шкоднікі і ворагі народу. На вызваленыя працоўныя месцы сьцягвалі спэцыялістаў з іншых мясьцінаў. Антону Іванавічу ішоў 27-ы год, меў сям’ю, дзяцей. Мой бацька ў сям’і быў старэйшы, яго прывезьлі ў Жодзіна ў двухгадовым узросьце. Антона са Слаўнага прызначылі начальнікам станцыі. Магчыма ўсіх астатніх работнікаў проста набралі з навакольных вёсак.

Калі пачалася вайна, у сям’і Антона Іванавіча было ўжо чацьвёра дзяцей: Барыс, Люба, Тамара і Толя. Вялікая сям’я. Пра эвакуацыю ў глыбіню краіны не магло быць і размовы, чыгуначнікі павінны заставацца на працоўным месцы да апошняга эшалёна. На восьмы дзень вайны ў Жодзіне ўжо былі немцы.

Чыгуначнікі былі патрэбны і новай ўладзе – усім было загадала выйсці на працоўныя месцы. Ясна, што Антон Іванавіч ня мог рызыкаваць сям’ёй. Чыгуначнікі вымушаны былі падпарадкавацца.

Пасьля таго, як у ваколіцах Жодзіна паўстаў партызанскі рух, а была гэта тэрыторыя дзейнасьці брыгады «Сьмерць фашызму», партызаны хутка наладзілі сувязь з працаўнікамі чыгункі. Відавочна, недзе ў 1943 годзе і мой дзед стаў «агентам» партызанкі.

Антон Іванавіч любіў зьбіраць грыбы. Быў вялікім аматарам і яму заўжды шчасьціла. Часам браў з сабой старэйшага сына. У лесе, як згадвае мой бацька, ён сустракаўся зь нейкімі невядомымі людзьмі, вёў зь імі працяглыя гутаркі. Трэба меркаваць, гэта і былі партызаны. У жніўні 1943 году адзін з нямецкіх спэцыялістаў, паляк па прозьвішчы Шваб, папярэдзіў Антона Іванавіча пра плянаваныя арышты сярод жодзінскіх чыгуначнікаў. Дзед Антон, не марудзячы, у тую ж самую ноч пасадзіў сям’ю на падводу і накіраваўся ў лес, у партызанскую зону. Прытулак знайшлі ў сям’і Невяровічаў зь вёскі Чэмкі, гэта ў некалькіх кілямэтрах ад славутага старажытнага Юрава. Дарэчы, зь Юрава паходзіў вядомы беларускі археоляг Аляксандар Ляўданскі, які патрапіў пад рэпрэсіі і быў растраляны ў “напалмавым” для беларускай інтэлігенцыі 1937-ы. Сам Антон Іванавіч падаўся ў партызаны. Аднак узьнікла праблема: у народныя мсьціўцы прымалі толькі тых, хто меў зброю, яе трэба была раздабыць самастойна. У Чэмках чыгуначніку падказалі, што вінтоўку можна знайсьці на дне рачулкі Цна, якая працякала побач з вёскай. Іх туды паўкідалі ў 41-ым савецкія акружэнцы. Антон Іванавіч тыдзень шукаў зброю, ныраў і абмацваў дно рачулкі. Вяскоўцы не падманулі, вінтоўка знайшлася. Чыгуначніка прынялі ў атрад імя Чкалава.

Цікава, што ў гэтым жа атрадзе быў і пісьменьнік Іван Сіняўскі. Яго прынялі ў «чкалаўцы» таксама ў 1943 годзе. Не маглі яны ня быць знаёмымі, а можа нават і хадзілі разам на заданьні. Неяк тут адразу згадваюцца творы Васіля Быкава. Дарэчы, з Сіняўскім здарылася абсалютна быкаўская гісторыя. На адным з заданьняў будучы пісьменьнік з таварышамі патрапіў у засаду. Пачаўся бой. Сілы былі няроўныя. Партызаны пачалі адыходзіць ад дарогі, на якой меркавалі закласьці міны. Адзін з падрыўнікоў, Сяргей Кавалеўскі, загаўроніўся. Меў яшчэ магчымасць адысьці пад прыкрыцьцём байцоў групы, але ня стаў гэта рабіць. Калі немцы атачылі «ляснога бандыта», навакольле скалануў выбух – разам з партызанам загінулі ворагі. Усё гэта адбылося на вачах у Сіняўскага. Пасьля вайны пісьменьнік хадайнічаў у розныя інстанцыі, каб подзьвіг таварыша быў пасьмяротна адзначаны, але так і не дамогся справядлівасьці. Адзінае што зрабіў у памяць: напісаў пра яго нарыс.

Цікава, ці хадзіў Сіняўскі на заданьні з маім дзедам Антонам? Ці выпіваў разам на вызваленчых сустрэчах у Юраве? А дарма не таварышаваў, бо атрымаў бы цудоўныя сюжэты для твораў. Я пачуў гэтыя гісторыі ад майго бацькі. Найбольш мне падабаецца сага ўратаваньня.

Адбылося гэта ў 1944 годзе падчас самай моцнай блякады партызанскай зоны. Немцы кінулі на барацьбу зь «ляснымі бандытамі» вялікія армейскія сілы. Некалькі партызанскіх атрадаў, ня толькі з брыгады «Сьмерць фашызму», трапілі ў кацёл у раёне возера Палік. Партызаны і мірнае насельніцтва, якое жыло ў лесе пад апекай лясных змагароў, былі загнаныя ў топкія балоты. Партызаны пайшлі на штурм аднаго з участкаў нямецкага ачапленьня, прарваліся і расьсеяліся па лесе, каб затым сабрацца ў прызначаным месцы. Немцы пачалі шчыльна прачэсваць усё навакольле. Адзін з такіх нямецкіх ланцугоў прыціснуў дзеда Антона да берага вадаёму. Кемлівы партызан прыняў рашэньне: ён выразаў чарацінку, нырнуў у ваду і закумуфляваўся водарасьцямі і цінай. Неўзабаве немцы выйшлі на той самы бераг. У вадзе хтосьці зь іх заўважыў шапку дзеда. Яны пачалі торкаць штыхамі, дасталі шапку, паўглядаліся, пастаялі, пачакалі, адзін зь іх справіў малую патрэбу ў ваду побач з дзедам. І сышлі. Уяўляю тую радасьць, калі дзед вынырнуў з вады з чарацінкай у зубах і пабачыў, што немцаў няма. Як у якім вэстэрне. Жыцьцё бывае круцейшым за любое кіно.

У той самы час у балоце сядзела і мая бабуля Ганна з чатырма малымі дзецьмі. Нямецкія ланцугі таксама праходзілі зусім побач. Былі чутны воклічы, ляскат зброі, стрэлы. Самага малодшага Толю, які бесперапынна плакаў і прасіў есьці, прыходзілася тварам прыціскаць да моху.

Да 3 ліпеня было зусім недалёка. Два-тры тыдні. Але трэба было ўратавацца, выжыць, дачакацца вызваленьня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?