Будаўніцтва «Газпром цэнтра» на месцы былога аўтавакзала «Маскоўскі» ў Мінску адкладзенае да лепшых часоў. Беларуская «дачка» расійскай газавай манаполіі пачала юрыдычную працэдуру афармлення дадзенага рашэння, распавялі TUT.BY інфармаваныя крыніцы.

Фото: Даяна Александрович, TUT.BY

Фота: Даяна Александровіч

Па словах суразмоўцаў, «Газпром трансгаз Беларусь» пачынае «працэдуру кансервацыі аб'екта незавершанага будаўніцтва». Рашэнне аб кансервацыі прынятае па заканчэнні трох месяцаў з даты прыпынення будаўніцтва «Газпром цэнтра». Першая інфармацыя пра гэта з'явілася ў пачатку верасня.

Расійскі бок вылучыў для гэтага «неабходныя грошы», сказаў адзін з суразмоўцаў.

«Калі за мінулы час не ўдалося аднавіць будаўніцтва, то юрыдычная працэдура кансервацыі — гэта лагічны крок, каб не патрапіць пад санкцыі з пункту гледжання нарматыўных тэрмінаў узвядзення аб'екта», — кажа профільны чыноўнік. «Раней яны ў неафіцыйных гутарках казалі аб прыпыненні фінансавання для гэтага аб'екта», — дадаў ён.

Удзельнікі рынка звязваюць прыпыненне будаўніцтва са зніжэннем даходаў беларускай «дачкі» «Газпрома». З маржы «Газпром трансгаз Беларусь» павінна было фінансавацца ўзвядзенне шматфункцыянальнага комплексу.

Мінск і Масква ўвесь гэты год вядуць спрэчку аб цане расійскага газу для Беларусі. «Газпром» настойвае на 132 далярах за тысячу кубаметраў, Беларусь — 73 далярах. Паводле апошняй інфармацыі, расійскі бок ацэньвае даўгі Беларусі ў 300 млн даляраў.

Раней крыніца, блізкая да кампаніі, казала, што прыпыненне будаўніцтва звязана з карэкціроўкай праекта. «Складана ідзе ўзгадненне. Праектаванне працягваецца», — сказаў сёння суразмоўца.

У Мінгарвыканкаме пацвердзілі толькі марудны характар рэалізацыі праекта, але сказалі, што «рашэння аб кансервацыі не паступала».

Ва ўпраўленні па арганізацыі будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу «Газпром трансгаз Беларусь» адмовіліся ад каментароў.

Нагадаем, будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу «Газпром цэнтр» пачалося ў 2015 годзе. Аб'ект месціцца на скрыжаванні вуліцы Філімонава і праспекта Незалежнасці на плошчы 8,27 га на месцы былога аўтавакзала «Маскоўскі». Будучы комплекс мае ўключаць офісы беларускіх «дачок» «Газпрома», гасцініцу, паркінг, фізкультурна-аздараўленчы комплекс і медыцынскі цэнтр. Акрамя таго, на тэрыторыі «Газпром цэнтра» павінны размясціцца дзіцячы цэнтр развіцця і спадарожныя аб'екты гандлю і паслуг. Заканчэнне будаўніцтва было запланавана на 2018 год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0