У Гане выявілі «амбасаду ЗША», якой на самай справе кіравалі злачынцы. Тым не менш, яна на працягу 10 гадоў выдавала сапраўдныя амерыканскія візы. А яшчэ — падробленыя візы і іншыя дакументы. «Медуза» распавядае пра тое, як працавала «амбасада» і як яе зачынілі.

Фота: U.S. Department of State

Фота: U.S. Department of State

Штотыдзень у панядзелак, аўторак і пятніцу над ружовым двухпавярховым будынкам у сталіцы Ганы, горадзе Акра, вывешвалі амерыканскі сцяг. Увайшоўшы ў памяшканне, наведвальнік бачыў фатаграфію прэзідэнта ЗША Барака Абамы ў рамцы. У гэтым будынку на працягу дзесяці гадоў размяшчалася «амбасада ЗША», якая выдавала амерыканскія візы. Праўда, Амерыка ніякага дачынення да яе не мела. Цяперашняя амбасада ЗША ў Гане выглядае па-іншаму.

Тым не менш, візы ў гэтым будынку выдавалі самыя сапраўдныя. Як заявілі ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША, бланкі для віз злачынцы атрымлівалі праз карумпаваных чыноўнікаў. Праўда, фармулёўкі ў прэс-рэлізе Дзярждэпу даволі расплывістыя — незразумела, хто менавіта даваў бланкі злачынцам.

«Амбасадай ЗША» кіравалі ганскія і турэцкія злачынцы. Наведвальнікаў прымалі грамадзяне Турцыі, якія ўмелі гаварыць на англійскай і галандскай мовах. Але з вуліцы ў «амбасаду» трапіць было нельга — замест гэтага яе паслугі рэкламавалі па ўсёй Гане, а таксама ў суседніх краінах. Зацікаўленых кліентаў прывозілі ў сталіцу, сялілі ў гасцініцу, а потым адвозілі ў «амбасаду».

Злачынцы выдавалі «атрыманыя падманным шляхам» сапраўдныя амерыканскія візы, падробленыя візы і дакументы (напрыклад, аб адукацыі і пасведчанні аб нараджэнні). Дзярждэпартамэнт называе цану паслуг — шэсць тысяч даляраў; але што ў яе ўваходзіла, не ўдакладняе.

Пашпарты і падробленыя дакументы, выяўленыя ў ходзе аперацыі. Фота: U. S. Department of State

Пашпарты і падробленыя дакументы, выяўленыя ў ходзе аперацыі. Фота: U. S. Department of State

Паліцыянты ў ходзе аперацыі выявілі краму адзення, у якой знаходзіліся прылады для сшывання пашпартоў. Калі яе абшуквалі, адвакат — адзін з членаў групоўкі — схлусіў паліцыянтам, што цяпер ім нельга туды ўваходзіць, бо крама згадваецца ў судовай справе. Дзякуючы гэтым прыладам удалося вывезці за межы Акры.

Пры ператрусах паліцыянты выявілі 150 пашпартоў дзесяці розных краін, сапраўдныя і падробленыя візы для ўезду ў Штаты, а таксама падробленыя візы для ўезду ў Шэнгенскую зону, Індыю і Паўднёвую Афрыку. У ходзе аперацыі некалькі злачынцаў былі затрыманыя. Некалькі цяпер знаходзяцца ў бегах.

«Амбасада ЗША» была выяўленая летам 2016 года. Акрамя таго, аказалася, што ў Акры ёсць і несапраўдная амбасада Нідэрландаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?