Чытаеш і ледзь не матам лаешся — наколькі ў нас усё пустаслоўна і цынічна:

— Перамагчы павінен мацнейшы — якасцю кніг, іх асартыментам, цэнавай палітыкай, новымі формамі продажаў, акцыямі. І тут, канешне, плячо «Белкнізе» павінны падставіць айчынныя выдавецтвы. Бо менавіта з імі мы ў асноўным працуем. Камерцыйныя кніжныя сеткі і крамы не ўдзяляюць неабходнай увагі кнігам беларускіх выдаўцоў, аўтараў, выданням на беларускай мове. Таму я хацеў бы заклікаць пісьменнікаў і выдавецтвы ствараць якасныя творы, цікавы кантэнт — тады і ў «Белкнігі» будзе добрая будучыня. Мы разам пераможам у канкурэнтнай барацьбе».

А на практыцы яно атрымліваецца вось як. Не далей, як гэтай вясной пацягнуўся я ў галоўны офіс «Белкнігі», каб заключыць з ёй дамову на распаўсюд нашай кніжнай прадукцыі. Прытым не набіваўся і не навязваўся — берасцейская кнігарня з гэтай сеткі прасіла ды маліла даць ім на распаўсюд свежавыдадзеную намі кніжку «Брест. Лето 1941 года. Документы, материалы, фотографии», бо многія жыхары горада прыходзяць да іх, пытаюцца ды абураюцца, чаму няма. Сама ж гэтая кнігарня права ўзяць яе на рэалізацыю не мае без папярэдняй дамовы з цэнтрам. Я то падазраваў, што магчымасць прыйсці да паразумення з «Белкнігай» — мінімальная, бо раней ужо былі няўдалыя спробы, але чаму б не паспрабаваць, калі самі людзі настойліва просяць?

Прыйшоў, значыць, заявіў пра сваё гарачае жаданне супрацоўнічаць (і на берасцейцаў спаслаўся), супрацоўніца ўстановы ўзяла рэквізіты, склала тэкст дамовы (не на адну кнігу, а на ўсю прадукцыю, якая дзясяткі назваў налічвае і не сказаць, каб зусім не карысталася чытацкім попытам, прытым амаль стапрацэнтна беларускамоўная), але сказала, што мусіць яшчэ папярэдне параіцца з начальствам. Ну, а начальства прагназавана сказала, што такія кнігі і такія выдавецтвы ім нафіг не патрэбныя.

А цяпер, бачыце, заклікае разам перамагаць у канкурэнтнай барацьбе. Зусім ужо сумленне страцілі.

P.S. Суткі назад даслаў гэты водгук на сайт «Звязды», атрымаў паведамленне: «Ваш каментар знаходзіцца ў чарзе на разгляд адміністратарамі сайта і будзе апублікаваны пасля зацвярджэння». Ок, чакаю. Працоўны дзень прамінуў, каментара на сайце няма. Трэба думаць, не зацвердзілі. Затое пасля, падазраю, кіраўнікі дзяржаўных СМІ будуць недзе хораша распавядаць пра тое, што ў нас усё нармальна, плюралізм думак расцвітае. Гэта тыя, хто не дзяржаўныя, у акопах заселі і на кантакт не ідуць. Дык не сілком жа іх змушаць да дыялогу.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?