Два дзясяткі чалавек на чыгуначным вакзале Кіева нястройна спяваюць дзіцячую песеньку «Пусть всегда будет солнце!». «Міру — мір!», — крычаць яны пасля выканання. Гэта частка так званага флэшмобу, у межах якога ўкраінцы і расейцы збіраюцца на вакзалах сваіх гарадоў і выконваюць старыя савецкія песні. Флэшмоб нібыта ўзнік сам сабой як сведчанне таго, што братнія народы хочуць сяброўства, а не вайны. Але… На жаль, заўсёды ёсць «але».

«Флэшмоб» на вакзале Кіева.

Не флэшмоб, а падарунак камбінату

Пачаўся гэты «флэшмоб» у Запарожжы 13 лістапада, калі на мясцовым чыгуначным вакзале прагучала песня з фільма «Вясна на Зарэчнай вуліцы». І пачаўся ён не з прыватнай ініцыятывы мясцовых — гэта была акцыя мясцовага тэлебачання, падарунак тэлеканала TV5 на 83-і дзень нараджэння камбіната «Запарожсталь».

«Імянінніка такога самавітага ўзросту складана здзівіць… Таму мы вырашылі павіншаваць яго сучасным трэндам і падумалі, што выкананне песні з культавага фільма, знятага ў Запарожжы, на «Запарожсталі», стане прыемным, душэўным і памятным падарункам для кожнага супрацоўніка камбіната. Тым больш, у правядзенне флэшмобу мы ўклалі частку душы, бо ўсім запарожцам блізкі кожны радок знакамітага фільма, які прасякнуты духам запарожцаў», — заявіў генеральны дырэктар TV5 Максім Анапрыенка.

І спявалі ў Запарожжы не нейкія мясцовыя аматары, а вакалісты запарожскага музычнага вучылішча імя Майбарады.

Цікава, што такім чынам канал, які належыць вядомаму ўкраінскаму алігарху Рынату Ахметаву, павіншаваў камбінат, які належыць яму ж.

«Рускі спеў супраць фашызму»

Рэакцыя на «флэшмоб» была нечаканай. Расейскія СМІ і сепаратысцкія паблікі падхапілі відэа як «сведчанне таго, што ва Украіне не ўсе фашысты». І панеслася.

Неўзабаве песні загучалі і ў іншых гарадах Украіны: Харкаве і Адэсе. Адгукнуліся і расейцы, выканаўшы ў Маскве ўкраінскую песню «Розпрягайте, хлопці, коней», падаўшы сваю акцыю як сімвал сяброўства паміж дзвюма краінамі.

Спеў на Кіеўскім вакзале ў Маскве.

Здавалася б, добра. Але ж — арганізавала расейскі флэшмоб суполка «Сорак Саракоў», вядомая сваімі ультрарадыкальнымі праваслаўнымі поглядамі, падтрымкай Рускага свету, «ДНР» і «ЛНР». «Сорак Саракоў» нярэдка называюць «баявымі атрадамі РПЦ», суполка аб’ядноўвае як футбольных фанатаў і праваслаўных актывістаў, так і былых пракрамлёўскіх дзеячаў.

«Саракоўцы» былі неаднойчы заўважаныя ў правакацыях падчас антыклерыкальных мітынгаў. Сілавое ж крыло суполкі складаецца з маладых «каляфутбольшчыкаў» — курыруе яго неанацыст Іван Катанаеў, экс-чалец «Фратрыі», фанацкай групоўкі маскоўскага «Спартака».

Далей — болей. Савецкія песні гучалі часцей і часцей: спявалі на вакзалах Днепрапятроўска і Ліпецка, Масквы і Марыўпаля, Благавешчанска, Луганска, Алушты… Нарастаў і градус «патрыятызму»: пра акцыі ў зразумела якім тоне пачалі паведамляць расейскія тэлеканалы. Так званы «флэшмоб» аказаўся вельмі зручным інструментам і аргументам прапаганды.

«Просты народ Украіны паступова вылечваецца ад атруты нацыяналізму, якую залілі ў яго сённяшнія кіеўскія кіраўнікі», — пракаментавалі акцыі на расійскім Першым канале.

Радасна падтрымаў акцыю і расейскі псеўдагісторык Мікалай Старыкаў, запусціўшы ў сеціве хэштэг #мыжиливоднойстране.

Не змаўчаў і кісялёўскі «Спутнік» (прычым, беларуская яго рэдакцыя), назваўшы акцыю «сапраўды народнай» і параіўшы адправіць штосьці ў такім жа стылі на Еўрабачанне: «Калі людзям падабаецца савецкае — дайце ім гэта».

Гісторыя з флэшмобам, які з віншавання алігархам самога сябе перарос у прапагандысцкую акцыю, нагадвае гісторыю георгіеўскай стужкі, якая са штучнага сімвала Перамогі ператварылася ў сімвал Рускага свету і маркер «свой-чужы» для вялікай колькасці народу. Стужку прыдумалі ў 2005 годзе піяршчыкі РІА»Новості», каб аб’яднаць людзей і «не даць забыцца, якой цаной атрымалі перамогу ў страшнай вайне».

А ў нашых Новы год

Заспявалі і беларусы — 3 снежня ў Гродне таксама арганізавалі спеўны флэшмоб. Праўда, акцыю яны правялі на свой лад: сабраліся не на вакзале, а ў гандлёвым цэнтры, дзе выканалі «В лесу роділась ёлочка». Спявалі і вадзілі карагоды вакол елкі навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа і дзеткі з мясцовай пачатковай школы №1 — а разам з імі і спявак Тэа, які «выпадкова» аказаўся ў гандлёвым цэнтры.

«Да расійскіх ці ўкраінскіх акцый гэта не мае аніякага дачынення. Наш флэшмоб быў прысвечаны Новаму году, — запэўнілі маркетолагі гандлёвага цэнтра. — Тэа быў у нас на мерапрыемстве, і мы зрабілі такі сюрпрыз дзеткам, каб ён заспяваў з імі. Усім вельмі спадабалася».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?