Папяровы часопіс «Спецназ» паведамляе, што ў дачыненні да затрыманага ў Віцебску байца «Азова» Станіслава Ганчарова заведзена 12 крымінальных спраў.
Паводле інфармацыі часопіса, супрацоўнікі ГУБАЗіК выкрылі датычнасць «Тэрор-машыны» — такі ў Ганчарова быў пазыўны ў батальёне — да 18 злачынстваў на Віцебшчыне, сярод якіх распальванне міжнацыянальнай варожасці, выкраданне маёмасці, «схіленне да выканання пазыковых абавязкаў», хуліганства і ўцягванне непаўналетніх у злачынную дзейнасць.
«Спецназ» прыводзіць падрабязнасці: маўляў, пачынаючы з 2012 году Ганчароў з паплечнікамі з каляфутбольнай групіроўкі Softline Vitebsk-SxE вымагаў грошы, адымаў вопратку ў студэнтаў у віцебскіх інтэрнатах, двойчы, жорстка збіваючы сваіх ахвяр, скінхэды наносілі ім раны скальпелем.
Таму, апроч іншага, у дачыненні да Ганчарова заведзена 12 крымінальных спраў, з іх тры па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Распальванне варожасці»), адзін — па артыкуле 347 («Здзек з трупа ці магілы»).
Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць Віцебскі абласны суд, першае паседжанне адбудзецца 12 снежня.
Апроч Ганчарова, на лаве падсудных яшчэ сем чалавек: самы малодшы 1998 года нараджэння.
Нагадаем, Ганчарова затрымалі ў красавіку 2016 года супрацоўнікі ГУБАЗіК, калі хлопец вярнуўся дадому ў Віцебск з Украіны, дзе ваяваў у складзе батальёна «Азоў».
Цела Ганчарова размалёвана татуіроўкамі на нацысцкую тэму, «УКантакце» вёў старонку пад імем Карл Цэнер — гэтак звалі кіраўніка беларускай паліцыі, які за часамі вайны адзначыўся вынішчэннем мінскіх габрэяў.