Kniharnia.by па традыцыі прадстаўляе свой топ-10 самых прадаваных кніг. У гэты раз яго ўзначальвае першы зомбі-хорар па-беларуску, які з'явіўся ў продажы толькі 1 лістапада, але ўжо паспеў стаць самым прадаваным. А таксама набірае папулярнасць новая кніга Кірыла Стаселькі «Marginalis».

1. Уладзімір Садоўскі «1813»

Навела, апавяданні. Першы зомбі-хорар па-беларуску!

Дзеянне навелы «1813» адбываецца ў 1813 годзе ў апошнія дні зімы. У разбуранае Вялікай вайной мястэчка на ўскрайку Мінскай губерні наведваецца госць са сталіцы. Міхал Клеафас Агінскі — дыпламат, кампазітар, а зараз сенатар Расійскай Імперыі — прыязджае пагасціць да свайго дзядзькі ў фамільны замак ля Маладэчна. З надыходам адлігі ў наваколлях мястэчка пачынаюць адбывацца незразумелыя рэчы: забітыя жаўнеры паўстаюць з поля мінулай бітвы і нападаюць на жыхароў паселішча. Хутка замак Агінскіх апынаецца ў аблозе хадзячых мерцвякоў. Міхалу Клеафасу не застаецца нічога іншага, як зноў узяць у рукі зброю і змагацца за свабоду роднага края. Толькі гэтым разам ворагам будуць не жывыя людзі, а паўсталыя пачвары.

У кнізе таксама змешчаны ў якасці бонуса пяць новых апавяданняў Уладзіміра Садоўскага.

2. Віктар Марціновіч «Мова» 

Мінск, 4741 год па кітайскім календары. Часы Смутку скончыліся, надышла эра ўзвышэння Саюзнай дзяржавы Кітая і Расіі, бесклапотных уцехаў, шопінг-рэлігіі і cold sex’у. Аднак існуе Нешта, чаго ў гэтым грамадстве суцэльнага дабрабыту не стае як вады і паветра. Сентыментальны кантрабандыст Сярожа пад страхам смяротнага пакарання ўвозіць каштоўны скарб з-за мяжы і апынаецца пад пільным кантролем мінскага падполля, узначаленага кітайскай мафіяй пад кіраўніцтвам таямнічай Цёткі. Разам яны спрабуюць зламаць сістэму, у якой дабро і зло, асветнікі і злачынцы, каханне і спажыванне, вернасць і здрада памяняліся месцамі.

Ці можаце вы ўявіць Беларусь без Беларусі? Гэты раман — страшны сон пра будучыню, прадухіліць якую можна толькі ў лучнасці з тым скарбам, вакол якога і распачынаецца дзеянне гэтага лінгвістычнага баевіка.

3. Кірыл Стаселька « Marginalis»

Насычаны i захапляльны фiласофскi раман, дзеянне якога ахоплiвае больш за чатырыста гадоў, паўтары сотнi персанажаў i дзясяткi краiн. Гэта пазл з мноства сюжэтных лiнiй, фiласофскiх ды псiхалагiчных матываў, якiя складаюцца ў адно цэлае.

Дзеянне ў рамане разгортваецца вакол уладальнiкаў старажытнай загадкавай кнiгi. У пошуках сябе i свайго «я» героi рамана прыходзяць да разумення, што часам не меншае значэнне мае тое, што знаходзiцца на палях — па-за цэнтрам, па-за межамi. Па-за межамi гiсторыi, жыцця, увагi…

Раман «Marginalis» быў прызнаны самым насычаным творам беларускай літаратуры. У рамане аб'ёмам 251 944 знакі сустракаецца не менш за 136 персанажаў. Рэкорд быў зафіксаваны беларускім аналагам Кнігі рэкордаў Гінэса — праектам «Рэкорды Куфара».

4. Макс Шчур «Завяршыць гештальт»

ПЕРАМОЖЦА ПРЭМІІ ГЕДРОЙЦА 2016 ГОДА!

«Завяршыць гештальт» — дзённік падарожжа «чалавека з фотаапаратам» у прасторы і часе, з Чэхіі ва ўлюбёную краіну ягонай маладосці Галандыю. Па дарозе герой-апавядальнік сустракае людзей з розных краін Еўропы і свету, абмяркоўвае з імі надзённыя пытанні эстэтыкі, эротыкі і геапалітыкі і напружана чакае, калі з ім нарэшце здарыцца нешта, што апраўдае ягонае рашэнне выехаць за мяжу — як цяпер, так і дваццаць гадоў таму з Беларусі. Ён перакананы, што галоўная сустрэча ягонага жыцця чакае яго ў Амстэрдаме.

5. Кухмістр Верашчака «Літвінская кухня» 

Гэтая ўнікальная кніга складаецца з баек, напісаных добра вядомым Кухмістрам Верашчакам для «Нашай Нівы» і «Звязды» цягам апошняга дзесяцігоддзя. Блізкае знаёмства з «Кухаркай Літоўскай», кулінарнымі рэаліямі паэмы «Пан Тадэвуш», мемуарамі Леона Патоцкага, Яна Булгака, Мельхіёра Ваньковіча, Міхала Паўлікоўскага і многімі іншымі тэкстамі ХІХ — першай паловы ХХ ст. стварае досыць арганічную карціну кухні, якую сёння ўсё часцей называюць «літвінскай». Гэта шляхецкая і мяшчанская кухня былога ВКЛ, у нейкай ступені таксама — заможнага сялянства.

6. Віктар Марціновіч «Сфагнум» 

Трое маладых злачынцаў забіваюць падзельніка і губляюць чужыя грошы, якія цяпер давядзецца вяртаць любой цаной. Яны вырашаюць залегчы на дно ў маленькай вёсцы, ратуючыся адначасова ад крэдытораў і крымінальнага вышуку. І ўсё пайшло б паводле задумы, калі б не знешне паўмёртвая беларуская вёска з яе неўміручай паганскай містыкай, якая падказвае нечаканае развязанне праблемы. Героі за паўкроку ад шчаслівага фіналу, але ці не зарана глядзець у неба, калі пад нагамі — багна?

7. Альгерд Бахарэвіч «Белая муха, забойца мужчын»

ДРУГАЯ ПРЭМІЯ ГЕДРОЙЦА 2016 ГОДА! Адна з найбольш папулярных кніг 2016 года!

Новы раман Альгерда Бахарэвіча — гісторыя жаночай банды, «дзевак без цара ў галаве», якія кінулі выклік патрыярхальнаму грамадству. Хто яны: тэрарысткі, вар’яткі, мастачкі? Або проста прывіды мінулага, з якімі нечакана сустракаецца галоўны герой кнігі?

8. Альгерд Бахарэвіч «Дзеці Аліндаркі»

Героі нашумелага рамана Альгерда Бахарэвіча — беларускамоўныя дзеці, пацыенты загадкавай установы пад назваю «Лагер». Як сучасныя Гэнзэль і Грэтэль, яны трапляюць у цёмны лес, дзе іх чакаюць зусім не дзіцячыя прыгоды. Казка, сатыра, антыўтопія — кнігу можна аднесці да кожнага з гэтых жанраў, але яна ўсё роўна застаецца кнігай пра нас, тых, хто жыве тут і цяпер.

Гэты раман А. Бахарэвіча ўганараваны першай прэміяй «Кніга году» і трэцяй прэміяй Гедройца ў 2015 годзе. Неўзабаве ў Францыі выйдзе яго пераклад на французскую мову.

9. Людміла Рублеўская «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата»

У чацвёртай кнізе авантурна-прыгодніцкага цыклу Людмілы Рублеўскай загонны шляхцюк Пранціш Вырвіч і полацкі доктар Баўтрамей Лёднік зноў выпраўляюцца ў прыгоды. На гэты раз яны трапляюць у Францыю, дзе Лёднік працуе разам з вядомым навукоўцам Жанам Жыліберам. На гэты раз Лёдніка ўцягваюць у таемнае таварыства, што займаецца злачыннымі аперацыямі на людзях. Пранцішу Вырвічу давядзецца рызыкнуць жыццём, каб вызваліць старэйшага сябра. А па вяртанні на радзіму — новыя прыгоды… Тут адбываецца магнацкае паўстанне супраць караля Станіслава Панятоўскага, і героі апынаюцца нібы паміж жорнамі, іх перакідвае то на адзін бок палітычных сілаў, то на другі. Давядзецца сустрэцца з егіпецкай прынцэсай і каронай святога Альфрэда, плаваць у вадзяным змеі ў падземных азёрах пад Туравам, разгадваць таямніцу шлема арабскага лекара Альбукасіса… Вас захопяць цудоўная мова і аўтарскі гумар, неверагодныя павароты сюжэту, захапляючая атмасфера стагоддзя плашча і кінжалу, сапраўдныя таямніцы беларускай гісторыі.

10. Людміла Рублеўская «Авантуры студыёзуса Вырвіча» 

Гэта другая кніга, якая расказвае пра прыгоды ў 18 стагоддзі былога шкаляра Менскага езуіцкага калегіюму, маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацку. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, які здабыў сабе шляхецтва на полі бойкі — суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0