Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі пракаментавала блакіроўку Tor. Абмяжоўваецца не ананімны доступ у інтэрнэт, а наведванне забароненых сайтаў, паведамілі ў Мінсувязі.

У Мінсувязі нагадалі, што ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства Беларусі пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг абавязаны абмяжоўваць доступ да рэсурсаў, што змяшчаюць інфармацыю, распаўсюджванне якой забаронена. У той жа час ёсць інструменты (проксі-серверы, ананімныя сеткі тыпу Tor і іншыя), што даюць магчымасць карыстальнікам атрымліваць доступ да заблакіраваных інтэрнэт-рэсурсаў. У адпаведнасці з палажэннем аб парадку абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў, размешчаных у інтэрнэце, такія інструменты таксама падлягаюць блакіроўцы, паведамілі спецыялісты.

«У гэтым выпадку не маецца на мэце забараніць ананімны доступ карыстальнікаў у інтэрнэт. Задачай з'яўляецца абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, якія змяшчаюць інфармацыю, распаўсюджванне якой забаронена. Доступ да гэтых сайтаў абмежаваны ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі», — падкрэслілі ў Мінсувязі.

«Такія падыходы прымяняюцца ў многіх краінах свету. Беларусь не з'яўляецца першай дзяржавай, якая прымяняе гэту практыку для абмежавання доступу да сайтаў з інфармацыяй, змест якіх накіраваны на ажыццяўленне экстрэмісцкай дзейнасці, незаконны абарот зброі, наркатычных сродкаў, распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў, садзейнічанне незаконнай міграцыі і гандлю людзьмі, прапаганду насілля і жорсткасці», — дадалі ў міністэрстве.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?