Сёлета яе атрымаў Алег Мінкін за паэтычны зборнік «Пэнаты».
Прэмія заснаваная Таварыствам вольных літаратараў яшчэ ў 1993 г. Лідэр ТВЛ Алесь Аркуш кажа: «ТВЛ паўставала на глебе нонканфармізму, і мы адмаўляліся ад розных канфармісцкіх рэчаў. Мы шукалі вобраз, які б адпавядаў нам. Нам не пасаваў ні залаты, ні срэбны, ні крыштальны… І вось — гліняны. Бог стварыў чалавека зь гліны, да таго ж, гэта народны матэрыял…».
Стод Глінянага Вялеса ўручаецца за найлепшую мастацкую кніжку года. Лаўрэатам можна стаць толькі раз у жыцьці. Экспэртная рада сёлета вырашыла, што найлепшай кнігай зьяўляецца зборнік паэзіі «Пэнаты» Алега Мінкіна.
Алег Мінкін у сваёй прамове адзначыў:
— Мы, літараты, прэміі атрымліваем ня так часта. Гэта мая трэцяя прэмія. Першую атрымаў ад палякаў за пераклады Норвіда, другую — за лепшы верш атрымаў у Полацку.
Як высьветлілася, паэт Мінкін ня любіць вершаў пра паэзію, пра напісаньне вершаў: кажа «Непрыемна іх нават чытаць».
Яшчэ Алег Мінкін пастаянна змагаецца з самім сабой, каб адасобіцца ад сваёй асобы, забыць пра свае праблемы, комплексы, а «чуць тое, што аднекуль ідзе»: «я адзін верш магу пісаць праз усё жыцьцё. Не належу да такіх яркіх паэтаў, якія адразу — раз! — і напісалі».
***
Алег Мінкін нарадзіўся 31 сакавіка 1952 году у вёсцы Чарняўка Хоцімскага раёна Магілеўскай вобл. Скончыў Маскоўскі інстытут інжынераў сельскагаспадарчай вытворчасьці. Працаваў майстрам на будаўніцтве электрападстанцыі ў Бураціі (Улан‑Удэ), інжынерам‑электрыкам на нафтаперапампоўваючых станцыях нафтаправода «Дружба» (Наваполацак), інжынерам‑наладчыкам у сістэме «Галоўтранснафта» (Гомель), інжынерам тэхнагляду на нафтаправодах поўначы Цюменскай вобласці (г. Наябрск).
Жыве ў Вільні. Выдаваў газету «Рунь».Аўтар зборнікаў паэзіі «Сурма» (1985), «Расколіна», прозы «Праўдзівая гісторыя Краіны Хлудаў» (1994), а таксама дзіцячых кніг.Пераклаў вершы Норвіда, Лесьмяна, Л.Стафа, П.Грабоўскага.