Інтэрнэт-выданьне afn.by апублікавала зьвесткі, якія спараджаюць новыя пытаньні адносна дзеяньняў А. Лукашэнкі і ягоных сілавікоў 3-4 ліпеня.

Вэрсія падзеяў уначы з 3 на 4 ліпеня, якую распаўсюджваюць дзяржаўныя СМІ, далёкая ад сапраўднай. Пра гэта паведаміла інтэрнэт-газэта afn.by са спасылкай на сваю крыніцу ў праваахоўных органах. Мяркуючы па тэксьце - у КДБ.

Паводле яе, першае выбуховае прыстасаваньне — усяго іх было тры — было знойдзенае супрацоўнікамі праваахоўных органаў між 22:30 і 23:00, то бок прыкладна на паўтара гадзіны раней за выбух. Спачатку праваахоўнікі палічылі, што гэта муляж, аднак для перастрахоўкі вызвалі мінёраў. Тыя прызналі, што гаворка ідзе пра самую сапраўдную выбуховую прыладу.

Варта адзначыць, што мінёры прыбылі на месца тэракту за паўтара гадзіны да выбуху, але знайсьці другую і трэцюю прыладу не ўдалося. Альбо не шукалі, выказвае меркаваньне газэта.

Потым быў выбух, на месца якога і адправіўся Лукашэнка. «Палез у варонку», кажучы ягонымі словамі, а калі больш дакладна, то дабраўся туды на браніраваным джыпе па адмыслова арганізаваным у натоўпе калідоры.

Джып надзейна абараняў Лукашэнку ад магчымага наступнага выбуху. Варонка ж на той момант зьяўлялася самым бясьпечным месцам на сьвяточнай пляцоўцы – колькі б там ні было выбуховых прыстасаваньняў, яны б усе спрацавалі ад дэтанацыі падчас выбуху.

Трэцяе прыстасаваньне знайшлі ўжо пасьля таго, як Лукашэнка раздаў указаньні па ліквідацыі наступстваў. Прычым знайшлі зноў-такі выпадкова, ударыўшы нагой пакет з-пад соку, які аказаўся занадта цяжкі. Спрацаваць трэцяя прылада мусіла а 2-й ночы.

Як паведаміла крыніца, усе тры прыстасаваньні мелі таймэр і былі вырабленыя на прафэсійным узроўні. Тол быў расплаўлены і заліты ўперамежку з гайкамі і падшыпнікамі ў плястыкавыя бутэлькі ад піва і пакет ад соку, што рэзка памяншала магчымасьць іх знаходжаньня. Чалавек, які вырабіў, добра разумеў, што робіць. Гэта пацьвярджае начынка прыстасаваньняў.

У Інтэрнэце ўжо неаднакроць выказвалася меркаваньне, што калі б арганізатар тэракту меў на мэце атрымаць як можна больш ахвяраў, то для начынкі выкарыстаў бы цьвікі і самарэзы.

“Той, хто вырабіў бомбы, добра пра гэта ведаў”, – сказаў суразмоўца.

Ён таксама паведаміў, што ўжо дакладна вядома, што выкарыстаны ў прыладах тол выкарыстоўваецца ў сучасных баявых снарадах і не зьяўляецца “знаходкай” чорных капачоў, якія шукаюць зброю часоў другой сусьветнай вайны.

Па словах суразмоўцы, каля месяцу назад КДБ затрымаў былых супрацоўнікаў “Алмазу” (спэцпадразьдзяленьне МУС), у якіх таксама было канфіскаванае выбуховае рэчыва. Ён паведаміў, што па гэтаму поваду заведзеная крымінальная справа, аднак ня стаў увязваць былых “алмазаўцаў” з тэрактам 4 ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?