Сёння ў Мінску хаваюць Якава Радыну — беларускамоўнага матэматыка, члена-карэспандэнта Акадэміі навук, прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яму было 70 гадоў.

Пакутаваў ён на рак прастаты.

Ён быў родам з вёскі Брылькі Валожынскага раёна.

У 1969 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і пачаў там працаваць. У 1972 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Да тэорыі лінейных раўнанняў у тапалагічных вектарных прасторах». У 1987 годзе — доктарскую дысертацыю «Экспаненцыяльныя вектары і дыферэнцыяльныя ўраўненні». З 1975 года — загадчык кафедры функцыянальнага аналізу БДУ.

Радына распрацаваў якасную тэорыю лінейных дыферэнцыяльных ураўненняў з рэгулятарнымі аператарамі ў лакальна-выпуклых прасторах. Увёў паняцце вектара экспаненцыяльнага тыпу і на яго аснове пабудаваў функцыянальны падлік, які ўжываецца пры даследаванні дыферэнцыяльных і дыферэнцыяльна-аператарных ураўненняў. Пабудаваў (разам з А.Антаневічам) тэорыю нелінейных абагульненых функцый (мнемафункцый).

Быў навуковым рэдактарам першага ў Беларусі «Руска-беларускага матэматычнага слоўніка» (1993), суаўтарам і навуковым кансультантам першай у Беларусі «Матэматычнай энцыклапедыі» (2001), аўтарам беларуска-польскага і польска-беларускага матэматычных слоўнікаў.

Аўтар каля 150 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.

На пачатку 90-х яго прапаноўвалі на пасаду міністра адукацыі, але кандыдатуру не падтрымаў Вячаслаў Кебіч.

Cын Якава Радыны таксама выкладае матэматыку ў БДУ па-беларуску.

Ягоная ўнучка вучыцца на выдатна ў беларускамоўным ліцэі імя Якуба Коласа.

«Наша Ніва» далучаецца да спачуванняў сям'і выдатнага навукоўца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру