Генпракуратура правяла праверку паводле публікацыі ў СМІ зьвестак пра супрацоўніка фоталябараторыі, які калекцыяніраваў фатаздымкі заказчыкаў парнаграфічнага характару.

У выніку праверкі зьвесткі, прыведзеныя ў артыкуле, не знайшлі пацьверджаньня, паведамляе сайт генпракуратуры. Быў праведзены аналіз нарматыўных актаў, што рэгулююць дачыненьні ў сфэры паслугаў, у прыватнасьці, дзейнасьць фота‑ і кіналябараторыяў.

Ён засьведчыў, што несумленны супрацоўнік фоталябараторыі, які без дазволу спажыўца ў сваіх мэтах і не па прызначэньні выкарыстоўвае ягоныя фота‑ і відэаматэрыялы, не панясе за гэта адказнасьці. Бо адказнасьць за такія дзеяньні не прадугледжаная законам.

Па выніках праверкі Генпракуратура накіравала ў Саўмін інфармацыю з прапановай разгледзець пытаньне пра дапаўненьне арт. 15 Правілаў побытавага абслугоўваньня спажыўцоў адпаведнай нормай. Адпаведна ёй выканаўца замовы павінен узгадняць з заказчыкам любое выкарыстаньне прадстаўленых ім асабістых фота‑ і відэаматэрыялаў, акрамя вырабу фотаздымкаў, фота‑ і відэамантажоў у адпаведнасьці з замовай. Парушальнікаў нормы пракуратура прапануе караць у адпаведнасьці з арт.12.17 КаАП за парушэньне правілаў гандлю і аказаньня паслугаў насельніцтву.

Гісторыя, якой зацікавілася пракуратура, зьвязаная з Горадняй. Прынамсі пра адзін такі выпадак у траўні гэтага году паведамляў гарадзенскі блог s13. Гісторыя выклікала розгалас сярод гарадзенскіх інтэрнаўтаў. І вельмі магчыма прыцягнула ўвагу пракуратуры.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0