Выбуховае прыстасаваньне, якое не ўзарвалося, было знойдзена ў часе канцэрту ля стэлы «Менск —горад‑герой» за дзьве гадзіны да выбуху. Пра гэта паведаміў першы намесьнік міністра ўнутраных спраў — начальнік крымінальнай міліцыі Аляксандар Шчурко ў інтэрвію газэце «Комсомольская правда» в Белоруссии», апублікаваным 9 ліпеня.

Паводле слоў сп. Шчурко, «поершае прыстасаваньне было ў два разы большым за тое, што выбухнула», менчукі, якія сьвяткавалі Дзень Незалежнасьці, знайшлі яго прыкладна а 22:30, але не адразу аддалі міліцыянтам.

«Грамадзяне паднялі зь зямлі двухлітровую ўпакоўку з‑пад соку. Злачынца скарыстаўся тым, што было пакінута шмат пакетаў з‑пад соку, і гэткім чынам замаскіраваў выбуховае прыстасаваньне. Пакет адкрылі і, скажам так, убачылі элемэнты выбуховага прыстасаваньня. Аднесьлі супрацоўнікам міліцыі», — расказаў намесьнік міністра.

Супрацоўнікі міліцыі, паводле слоў спадара Шчурко, паклалі пакет «у бясьпечнае месца».

«Не было думкі, што гэта штосьці сур’ёзнае. Магчыма, ілжывая трывога, — патлумачыў прадстаўнік МУС. — І, увогуле, стабілізацыя крымінагеннай сытуацыі апошнім часам крыху расслабіла сілы правапарадку. Як у боксе — расслабіліся й атрымалі ўдар. Гэты пакет быў нэўтралізаваны, ён не выбухаў».

Прыстасаваньне, якое ўзарвалося празь дзьве гадзіны, таксама знаходзілася ў пакеце з‑пад соку, які, паводле слоў Аляксандра Шчурко, быў удвая меншым за першы.

«Мы можам дапусьціць, што прыстасаваньне, якое ўзарвалося, ідэнтычнае выяўленаму і абясшкоджанаму. Такім чынам у нас ёсьць узор, ёсьць дастаткова інфармацыі для праверкі, ёсьць сьлед чалавека, які, верагодна, нычыняў і спрабаваў прывесьці ў дзеяньне прыстасаваньне, якое не выбухнула», — сказаў намесьнік міністра.

Чуткі пра знойдзены а 1:30 яшчэ адзін «падазроны скрутак» сп. Шчурко не пацьвердзіў. «Такой інфармацыі няма», — сказаў ён.

Намесьнік міністра паведаміў, што фотаробат падазраванага «ўжо ёсьць, але ўвесь час зьяўляюцца новыя сьведкі».

«Напрыклад, маладыя людзі, якія ачунялі ў бальніцах, — удакладніў сп. Шчурко. — Яны даюць новыя для сьледзтва паказаньні. Яшчэ трэба будзе сабраць асноўных сьведкаў разам, пасадзіць за агульным сталом, пагаварыць… Ня ўсім пакуль дазваляе стан здароўя. А апублікаваўшы адзін фотаробат, мы можам зьвесьці сьледзтва зусім у іншы, у няслушны бок. Для нас важнае правядзеньне актыўных вышуковых мерапрыемстваў, а не надзея на апазнаньне па фотаробаце», — сказаў намесьнік міністра.

На пытаньне, ці можа злачынца знаходзіцца сярод пацярпелых, Аляксандар Шчурко адказаў:

«Гэта не выключаецца. Але вы разумееце, што ня ўсе пацярпелыя зьвярнуліся да мэдыкаў. Злачынца мог быць параненым, але не шпіталізаваным».

Прадстаўнік МУС ня выключыў, што ў часе расьсьледаваньня магчымая перакваліфікацыя справы на «тэрарызм» альбо «замах на жыцьцё». Нагадаем, крымінальная справа была ўсчатая 4 ліпеня па частцы 3 артыкулу 339 (злоснае хуліганства).

Варта адзначыць, што пра факт знаходжаньня выбухоўкі за дзьве гадзіны да тэракту сп. Шчурко паведаміў толькі пасьля таго як ананімныя сілавікі расказалі пра гэта незалежным СМІ, праз 4 дні пасьля здарэньня.

Паводле БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0