У Беларусь агонь ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме даставяць беларускія скаўты. На пачатку, 15 снежня, Бэтлеемскі агонь будуць сустракаць душпастыры і вернікі Гродна, а таксама скаўты з розных месцаў Беларусі, якія адвязуць яго ў іншыя святыні краіны. У Мінск агонь прыбудзе 17 снежня, паведамляе партал Рыма-каталіцкага касцёла catholic.by.

Урачыстае ўнясенне агню ў мінскую архікатэдру адбудзецца ў суботу 17 снежня ў 22.30.

У нядзелю 18 снежня агонь будзе дастаўлены ў мінскія парафіі:

  • 09.00 — парафія Божага Цела (вул. Герасіменкі, 6/1)
  • 09.15 — парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Сухарава)
  • 10.00 — парафія Св. Яна Хрысціцеля (Серабранка) і парафія Маці Божай Будслаўскай (Каменная горка)
  • 11.00 — парафія Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) (Залатая Горка)
  • 12.00 — парафія Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ (Кунцаўшчына-Масюкоўшчына) і парафія Маці Божай Ружанцовай (Лошыца)
  • 15.00 — парафія Свв. Сымона і Алены (Чырвоны касцёл).

Касцёл запрашае далучацца да акцыі ў сацсетках, каб расказаць свету пра агонь з Бэтлеема. Кожны, хто трымае яго ў руках, можа зрабіць фотаздымак і размясціць яго на сваёй старонцы з хэштэгам #agon’zbetleema2016.

«Святло Бэтлеемскага агню, якое сімвалізуе супакой, надзею і згоду, дзякуючы еднасці моладзі розных краін пераадольвае значныя адлегласці і прыходзіць да тых, хто яго чакае. Таму варта ўзяць гэты агонь дадому, яшчэ раз нагадаць сабе і сваім блізкім пра надыходзячае свята Божага Нараджэння», — гаворыцца ў паведамленні партала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0