Мінгарвыканкам прыняў рашэнне аб спрашчэнні працэдуры ўстаноўкі шлагбаумаў на ўездах у двары, паведаміла 14 снежня на прэс-канферэнцыі намеснік генеральнага дырэктара ГА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Галіна Гілевіч.

Пры гэтым яна адзначыла, што дваровыя тэрыторыі не прадугледжваюць пастаяннай паркоўкі аўтамабіляў. «Раней мы ставілі машыны ў гаражы, на стаянкі, ездзілі на грамадскім транспарце. Зараз мы хочам ставіць свае машыны ў дварах, і нехта павінен забяспечваць захаванасць нашай маёмасці, — сказала Гілевіч. — Я лічу, што прыняцце гэтага рашэння дазволіць навесці парадак на дваровых тэрыторыях, абмежаваць ўезд іншым, акрамя жыхароў, гасцей, спецыяльных службаў. Мы павінны гэтым рашэннем падштурхнуць насельніцтва на добраўпарадкаванне двароў».

Для ўстаноўкі шлагбаума неабходна правесці сход жыхароў. Калі станоўчае рашэнне прымуць 50% плюс адзін голас удзельнікаў сходу, ініцыятыўная група падае заяву ў адміністрацыю раёна. Замоўцам работ можа выступіць таварыства ўласнікаў, арганізацыя забудоўшчыкаў або ўпаўнаважаная асоба службы замоўцы, якая эксплуатуе дамы. Пасля сходу трэба сабраць подпісы жыхароў. якія пагадзіліся з рашэннем, аформіць даведку аб колькасці жыхароў у доме, прапрацаваць пытанне аб месцы ўстаноўкі. Затым жыхары выбіраюць пастаўшчыка прылады.

«Трэба адзначыць, што жыхары дамоў са скразнымі праездамі ў іншыя двары ўсталёўваць прылады для замыкання не маюць права», — паведаміла Гілевіч. Паводле яе слоў, пакуль толькі 30 двароў у Мінску, якія абслугоўваюцца камунальнымі прадпрыемствамі, маюць шлагбаумы. Колькасць двароў ля дамоў таварыстваў уласнікаў са шлагбаумам яна не змагла назваць.

Намеснік гендырэктара адзначыла, што кошт шлагбаума залежыць ад яго канструкцыі і функцый і складае прыблізна 2.000 рублёў. На пытанне, якім чынам будуць прапускацца машыны, у тым ліку спецыялізаваных службаў, яна адказала: «Умова ўстаноўкі — бесперашкодны праезд спецслужбаў, жыхароў і іх гасцей. Сёння ёсць некалькі спосабаў: з дапамогай кансьержа, сістэмы відэаназірання, унясенне нумароў машын у памяць камп'ютара, даванне кодаў для праезду машын экстранных службаў. Усе яны залежаць ад выбару жыхароў і іх фінансавых магчымасцяў».

Як паведаміў намеснік дырэктара КУП «Мінскі гарадскі цэнтр інжынірынгавых паслуг» Дзяніс Варакса, перад пачаткам праектных работ для ўстаноўкі шлагбаума ініцыятыўная група можа звярнуцца ў іх цэнтр для атрымання заяўкі-схемы аб размяшчэнні інжынерных сетак і тэхнічных умоў. «Гэта неабходна, каб пры праектаванні прыладу не ўсталявалі на інжынерных сетках. Таксама вызначаецца пункт сілкавання. Праект таксама ўзгадняецца, каб энергетыкі далі дазвол, каб у далейшым шлагбаум не перашкаджаў у выпадку неабходнасці праводзіць рамонтныя работы», — растлумачыў спецыяліст. Паводле яго слоў, узгадненні займаюць 2—2,5 тыдня і каштуюць прыблізна 1.000 рублёў.

Як адзначыла начальнік упраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама — начальнік аддзела гарадской гаспадаркі Марына Малаева, гарадскія ўлады чакаюць «усплёску ўстаноўкі шлагбаумаў вясной наступнага года». «Гэта не робіцца хутка, трэба стварыць ініцыятыўную групу, правесці сход, сабраць дакументы, атрымаць дазвол адміністрацыі, выбраць прыладу і гэтак далей. Думаю, што вясной мы ўбачым вельмі шмат шлагбаумаў у дварах», — сказала яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?