Старшыня праўлення Беларусбанка Сяргей Пісарык адпраўлены ў адстаўку. Пра гэта TUT.BY распавялі некалькі інфармаваных крыніц.

Прычыны звальнення кіраўніка найбуйнейшага камерцыйнага дзяржбанка ім невядомыя. «Усё вельмі хутка адбылося», — сказаў адзін з суразмоўцаў.

У прэс-службе Беларусбанка запэўнілі, што сёння Сяргей Паўлавіч «быў на працоўным месцы, падпісваў дакументы». А месяц таму яму быў падоўжаны кантракт на 5 гадоў.

«Загад аб звальненні паступіў зверху», — кажа крыніца.

Кіраўнік назіральнай рады Беларусбанка, міністр фінансаў Уладзімір Амарын адмовіўся ад каментароў.

Цікава, што нядаўна былі адзначаныя заслугі банкіра ў футбольнай і тэатральнай сферах. 27 лістапада Сяргей Пісарык быў названы «Мецэнатам года» ў рамках Нацыянальнай тэатральнай прэміі. А праз тыдзень ён браў удзел ва ўрачыстым закрыцці футбольнага сезона.

17 лістапада Аляксандр Лукашэнка паабяцаў навесці жалезны парадак у банках. «У краіне крызіс, у Расіі крызіс. Давайце паглядзім, як жывуць банкіры. Нядрэнна жывуць, лепш, чым у мінулыя гады, нягледзячы на крызіс. У тым ліку па зарплаце, крэдыты самі сабе выдаюць. У бліжэйшы час мы навядзём там жалезны парадак», — сказаў ён на сустрэчы з расійскімі журналістамі.

Нагадаем, што летам былі затрыманыя як мінімум два топ-менеджары Беларусбанка: выканаўчы дырэктар Анатоль Багавік і першы намеснік старшыні праўлення Генадзь Гаспадарык.

Сяргей Пісарык нарадзіўся ў 1969 годзе ў горадзе Ганцавічы Брэсцкай вобласці. Скончыў Наргас (Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт). Амаль уся працоўная кар'ера была звязаная з Беларусбанкам. Прычым вялікая частка — на кіруючых пасадах. Намеснікам старшыні праўлення Беларусбанка Пісарык стаў у 2007 годзе. Праз 4 гады ён узначаліў банк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0