У студзені—верасні прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове, якія паступілі ў Беларусь, склалі 1 млрд 82,3 млн долараў і знізіліся на 27% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, сведчаць дадзеныя афіцыйнай статыстыкі.

Прамыя замежныя інвестыцыі, якія паступілі ў рэальны сектар эканомікі Беларусі, у студзені—верасні склалі 899,3 млн долараў і знізіліся на 20% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

У банкаўскі сектар, паводле афіцыйных статыстычных дадзеных, у студзені—верасні паступіла 121,3 млн долараў, што на 56,8% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Ад продажу фізічнымі асобамі нерухомасці нерэзідэнтам у студзені—верасні паступіла 51,5 млн долараў, на 18,5% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Варта адзначыць, што зніжэнне прытоку прамых замежных інвестыцый сёлета назіраецца практычна ва ўсіх абласцях Беларусі (за выключэннем Гродзенскай).

Так, у Брэсцкай вобласці прыток прамых замежных інвестыцый у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года знізіўся на 31,2%, у Віцебскай — на 35,7%, у Гомельскай — на 19%, у Мінску — на 24,7%, у Мінскай — на 28,8%, у Магілёўскай — амаль на 80%.

У студзені—верасні замежныя інвестыцыі, якія паступілі ў Беларусь, зменшыліся як з краін СНД, так і з краін па-за СНД.

Паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі, за дзевяць месяцаў гэтага года ў рэальны сектар Беларусі з краін СНД паступіла 331,5 млн долараў, што на 28,7% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У той жа час з краін па-за СНД у Беларусь паступіла 567,9 млн долараў (на 13,9% менш у параўнанні з дзевяццю месяцамі мінулага года).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?