Апошнім часам у папулярнай аўтаркі выйшла некалькі новых кніг — другі том гістарычных замалёвак «Рыцары і дамы Беларусі», а таксама рускамоўнае выданне першай кнігі са знакамітай серыі «Аванцюры Пранціша Вырвіча, шкаляра и шпега».

Людміла Рублеўская - працавітая пісьменніца, якая за апошнія 20 гадоў напісала шмат паэтычных зборнікаў, раманаў і аповесцяў. Беларускія школьнікі ведаюць яе па творах «Сэрца мармуровага анёла» і па серыі кніг пра прыгоды Пранціша Вырвіча якія ўключаны ў школьную праграму. На сённяшні дзень свет ужо ўбачыў чатыры часткі прыгод Пранціша на беларускай мове.

Другая кніга нарысаў «Рыцары І дамы Беларусі» прысвечана як славутым, так і менш вядомым персанажам беларускай гісторыі. Вы даведаецеся, як судзілі польскую каралеву Соф'ю Гальшанскую, як Ян Сапега паляваў на ведзьмаў, як Сімяон Полацкі пісаў візуальныя вершы, як беларускі шляхціц Уладзіслаў Малахоўскі вынайшаў фотаапарат «Кодак», а кантрабандыст і шпіён Сяргей Пясецкі, седзячы ў турме, стаў пераможцам літаратурнага конкурсу.

У гісторыка-прыгодніцкім бэстсэлеры «Аванцюры Пранціша Вырвіча» апісваюцца неверагодныя падзеі, галоўнымі героямі якіх сталі беглы студыёзус Менскага езуіцкага калегіума Пранціш Вырвіч і доктар Балтрамей Лёднік з Полацку. Прыгоды беларускіх авантурыстаў не менш цікавыя, чым прыгоды французскіх мушкецёраў або рускіх гардэмарынаў.

Пісьменніца таксама падзеліцца новымі планамі, а менавіта якая кніга зусім хутка, праз месяц, з'явіцца на кніжных паліцах, а таксама прыадкрые таямніцу, над якім творам яна працуе цяпер. І, зразумела, адбудзецца аўтограф-сесія пісьменніцы.

Дарэчы, падтрымаць выданне новай кнігі Людмілы Рублеўскай можна ўжо зараз — ідзе народны збор сродкаў на платформе Талака.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0