У межах пагаднення аб партнёрстве ў сферы мабільнасці Еўрасаюз дапаможа Беларусі ў стварэнні цэнтраў утрымання мігрантаў, паведаміў на прэс-канферэнцыі 16 снежня ў Мінску кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ) у Беларусі Зейнал Гаджыеў.

Менавіта МАМ выступіць адным з асноўных удзельнікаў праекта, што стартуе ў 2017 годзе, сказаў ён.

«Пасля падпісання пагаднення аб мабільнасці паміж Беларуссю і ЕС нашы даўнія напрацоўкі, ідэі аб распрацоўцы маштабнага праекта па прадухіленні нелегальнай міграцыі сталі рэальнасцю. Зараз мы працуем над праектам, які ахоплівае вельмі шырокія сферы», — адзначыў Гаджыеў.

Новы праект прадугледжвае інфраструктурную падтрымку стварэнню некалькіх цэнтраў прыёму і ўтрымання мігрантаў у межах рэадмісіі. Цэнтры павінны адпавядаць усім міжнародным стандартам у гэтай галіне, падкрэсліў прадстаўнік арганізацыі.

Другі кампанент праекта аналітычны — замежных экспертаў плануецца прыцягнуць у тым ліку да распрацоўкі новай нацыянальнай канцэпцыі міграцыйнай палітыкі Беларусі.

Беларусь і Еўрасаюз падпісалі пагадненне аб партнёрстве ў сферы мабільнасці 13 кастрычніка ў Люксембургу. Праект «Партнёрства для мабільнасці» рэалізуецца ў Балгарыі, Румыніі, Польшчы, Венгрыі, Фінляндыі, Латвіі і Літве. На сёння такія пагадненні ў ЕС дзейнічаюць з Малдовай (2008), Каба-Вердэ (2008), Грузіяй (2009), Арменіяй (2011), Азербайджанам (2013 года), Марока (2013 года), Тунісам (2014) і Іарданіяй (2014). «Партнёрства для мабільнасці» дае гнуткія рамкі, якія не маюць абавязковай юрыдычнай сілы, для таго, каб кіраванне перамяшчэннем людзей паміж ЕС і трэцяй краінай магло ажыццяўляцца больш эфектыўна.

Нароўні з дагаворамі аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, перамовы па якіх працягваюцца, «Партнёрства для мабільнасці» будзе ключавым інструментам развіцця супрацоўніцтва ў сферы міграцыі і пашырэння мабільнасці грамадзян ЕС і Беларусі ў добра кіраваных і бяспечных умовах, падкрэслівалася ў прэс-рэлізе паводле вынікаў падпісання дакумента.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?