Брытанская карпарацыя BAE Systems прадэманстравала ўчора публіцы першы экзэмпляр Браніраванай шматмэтавай машыны (Armored Multi-Purpose Vehicle — AMPV), якая будзе асноўным бронетранспарцёрам Сухапутных войскаў ЗША, паведаміў сайт breakingdefense.com.

Новая машына заменіць БТР М113, які быў прыняты яшчэ ў 1960 годзе. Цяпер армія выкарыстоўвае амаль 3000 М113 у розных мадыфікацыях.

baesystems.com

baesystems.com

AMPV таксама будзе вырабляцца ў некалькіх варыянтах, гэта будуць: класічны БТР, машына для эвакуацыі з поля бою, машына—мабільны браніраваны медычны пункт, мабільны мінамётны транспарцёр, мабільны камандны пункт.

AMPV у параўнанні з М113. Выява breakingdefense.com

AMPV у параўнанні з М113. Выява breakingdefense.com

Габарыты AMPV значна большыя, чым у папярэдняй машыны, а ўнутраны аб'ём — на 78% большы. Пры гэтым AMPV адрозніваецца лепшай бранёй.

Фактычна AMPV — наступная стадыя эвалюцыі БМП Bradley, без вежы з аўтаматычнай гарматай, затое з лепшай мабільнасцю і абараназдольнасцю.

«Сямейства AMPV ліквідуе важныя недахопы сучасных Брыгадных бранятанкавых баявых груп у сферах абароненасці, здольнасці выжываць і мабільнасці», — адзначаў у свой час брыгадны генерал Дэвід Бэсет, кіраўнік праграм распрацоўкі наземных баявых сістэм.

Перш за ўсё новыя БТР будуць накіраваныя ў амерыканскія танкавыя брыгадныя групы, СМІ адзначалі, што новая добра абароненая бранятэхніка — якраз тое, чаго патрабуе супрацьстаянне з Расіяй у Еўропе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?