Бразільскі футбаліст Алан Рушэль, які выжыў у лістападаўскай катастрофе самалёта ў Калумбіі, распавёў журналістам, што ў апошні момант перад крушэннем лайнера перасеў на іншае месца ў салоне, піша ВВС. 

AFP

Па словах футбаліста, яго месца было ў хвасце самалёта, але таварыш па камандзе — брамнік Джэксан Фолман — угаварыў Рушэля перасесці бліжэй да яго ў пярэднюю частку салона.

У выніку крушэння пасажырскага самалёта BAE Avro, на борце якога знаходзілася бразільская футбольная каманда «Шапекаэнсэ», загінуў 71 чалавек, выратавацца змаглі толькі шэсць чалавек — у іх ліку Алан Рушэль і галкіпер Джэксан Фолман, якому ампутавалі нагу.

Алан Рушэль застаецца ў бальніцы з траўмай спіны. Паводле яго слоў, ён спадзяецца зноў выйсці на футбольнае поле, а адразу пасля вяртання з бальніцы — наведаць сем'і загінулых футбалістаў.

З яго слоў, ён не памятае, як адбылося крушэнне, але памятае, што адмаўляўся памяняцца месцамі з журналістамі, якія хацелі сядзець разам у хвасце салона.

«Я не хацеў [мяняцца], але потым убачыў Фолмана, і ён настаяў на тым, каб я перасеў бліжэй да яго», — распавёў Рушель.

28 лістапада 2016 года самалёт, які перавозіў футбалістаў ФК «Шапекаэнса» на першы фінальны матч Паўднёваамерыканскага кубка-2016 супраць клуба «Атлетыка Насьяналь», пацярпеў крушэнне ў горнай мясцовасці недалёка ад горада Мэдэліна на поўначы Калумбіі. У выніку авіякатастрофы загінула вялікая частка каманды, у тым ліку яе капітан Клебер Сантана і ўсе члены трэнерскага штаба.

Выжылі ў катастрофе шэсць чалавек, з іх — трое футбалістаў «Шапекаэнсэ»: Алан Рушэль, Замп'ер Нэта, Джэксан Фолман. Брамнік Маркас Даніла Падылья быў знойдзены жывым, але пазней памёр у бальніцы. Таксама ў катастрофе выжылі двое членаў экіпажа і журналіст.

«Толькі Бог можа растлумачыць, чаму я выжыў у катастрофе. Ён схапіў мяне і даў мне другі шанец», — сказаў Рушэль, адказваючы на пытанні журналістаў у бальніцы.

У пачатку снежня ўлады Калумбіі заявілі, што авіякатастрофа адбылася з-за таго, што ў самалёта BAE Avro скончылася паліва. Раней у СМІ трапіў запіс перамоў пілота самалёта і калумбійскага авіядыспетчара. На запісы пілот некалькі разоў просіць дазволу на пасадку з-за адмоў электрапрыбораў і недахопу паліва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?