На фоне агульнага запавольвання інфляцыі вылучаюцца некаторыя прадукты.
За апошні год рэзка падаражэла грэчка. На сёння ў крамах не знойдзеш грэчкі таннейшай за 2,4 рублі ў пераліку за кілаграм. Агулам цэны на яе вагаюцца ў прамежку 2,4—4 рублі за кг.
Між тым яшчэ ўвесну цэны на грэчку складалі ў асноўных гандлёвых сетках 2—2,5 рублі за кг.
Цэны на грэчку звычайна залежаць ад яе ўраджайнасці на Перадураллі, у Сібіры і Кітаі, дзе вырошчваюцца асноўныя аб’ёмы гэтай збажыны. Беларусь вырошчвае і сваю грэчку, але яна збольшага ідзе па дзяржзамове ў бальніцы, школы, інтэрнаты па зніжаных цэнах.
Выраслі цэны і на масла. На сёння масла ў крамах не знойдзеш таннейшага за 2,2 рублі ў пераліку на 200 г. Цэны агулам вар’іруюцца ад 2,2 да 3 рублёў у пераліку за 200-грамовы пачак.
Параўноўваю са сваімі чэкамі гадавой даўніны: масла каштавала тады 1,58—2,2 рубля. Такім чынам, рост цаны склаў каля 40% за год.
Прыкладна на столькі ж даражэйшы стаў і сыр.
Праўда, тут цяжэй правесці параўнанне. Бо беларускія вытворцы часта мяняюць назвы сыроў і іх упакоўку.
Цяпер цэны на цвёрды жоўты сыр, нават не спелы, складаюць пераважна ад 10 да 18 рублёў за кг.