Паліцыя ў Берліне затрымала вечарам у суботу, 17 снежня, галоўнага падазраванага ў жорсткім нападзе на дзяўчыну ў берлінскім метро. Інфармацыю пра гэта пацвердзілі ў паліцыі сталіцы Германіі, паведамляе DW.
Мужчыну затрымалі ў той момант, калі ён спрабаваў пакінуць горад. Паліцыянты арыштавалі 27-гадовага маладога чалавека на аўтавакзале ў раёне Шарлотэнбург. Ім аказаўся ураджэнец Балгарыі Святаслаў Стойкаў.
Следства вядзецца таксама ў дачыненні да двух братоў галоўнага падазраванага і аднаго яго таварыша. Усе яны былі на месцы злачынства. Адзін з удзельнікаў нападу быў затрыманы 12 снежня.
Напад, які выклікаў шырокі рэзананс у Германіі, адбыўся на адной са станцый метро ў акрузе Нойкёльн у Берліне. На запісы з камеры назірання відаць, як мужчына наўмысна б'е нагой у спіну 26-гадовую дзяўчыну, якая спускаецца па прыступках у метро. Ад моцнага ўдару яна ляціць уніз па лесвіцы, а нападнік паварочваецца і сыходзіць разам са сваёй кампаніяй у іншым кірунку. У выніку нападу дзяўчына была шпіталізаваная са шматлікімі траўмамі і пераломам рукі.
Публікуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»