Зусім нядаўна адна з перадач на расійскім ТБ адзначалася бойкай паміж запрошаным польскім журналістам і ягонымі апанентамі з «патрыятычнага» лагеру.

Зачэпкай стала заўвага паляка пра тое, што сярэдні заробак у Румыніі большы за расійскі. Акрамя таго, ён падлавіў, што ягоныя апаненты, вялікія патрыёты, а не ведаюць, колькі складае мінімальны заробак у іх краіне. Нарэшце, ён сказаў, што ўкраінцы хочуць жыць як людзі, «а не ў лайне, як расіяне».

Не ўсе ведаюць, што той журналіст, на якога накінуліся ў эфіры расійскага канала, раней адстойваў расійскі пункт гледжання і крытыкаваў украінцаў. Томашу Мацейчуку на пачатку года забаранілі ўезд ва Украіну на 5 гадоў.

Што ж змусіла Мацейчука так памяняць свае погляды?

Томаш расказаў «Нашай Ніве» пра свае ўражанні ад Расіі і чым яна адрозніваецца ад карцінкі на расійскім ТВ.

«Я быў у Калінінградзе, Маскве і Пецербургу, — пачаў Томаш. — Калі я ехаў першы раз у Маскву, я думаў, што горад будзе багацейшы, бо Расія — вялікая краіна: там газ, нафта, алмазы, там усё. Я часта чуў ад розных расіян, што там ўсё цудоўна. Я глядзеў расійскія СМІ, праз іх прызму такія гарады, як Масква, Пецербург, Екацярынбург, Іркуцк — паўставалі выключна ў пазітыўным святле. Але

калі я прыехаў, то пабачыў, што не ўсё тут так ужо добра. Так, ёсць добрыя машыны, ёсць багатыя людзі, але шмат і бедных. Нават атмасфера такая агрэсіўная: кіроўцы вядуць сябе неадэкватна, нахабна.

Тут атмасферу не параўнаць з атмасферай у Празе, Вільні, Варшаве ці нават Берліне».

«У крамах цэны вышэйшыя за польскія, на некаторыя прадукты — у 4 разы! — расказаў паляк пра тое, што яго ўразіла. — Для мяне гэта быў шок.

Трэба падкрэсліць, што якасць гэтых прадуктаў нашмат ніжэйшая за якасць польскіх. Напрыклад, гародніна і садавіна даражэйшыя, мяса даражэйшае.

Тут у сасісках вельмі мала мяса. У Польшчы гэты паказчык пад 90%, а тут 50—60%.

Мясцовыя кажуць — не купляй гэтага мяса, там увогуле няма мяса.

Яблыкі ў Польшчы, калі перавесці на расійскія рублі, па 30 рублёў за кілаграм, тут як мінімум 80, а ёсць за 100 і нават 200!

Малако ў Польшчы таксама 30 рублёў, тут — 50—60, нават 80 рублёў. Нават вада мінеральная — 20 рублёў за паўтара літра ў Польшчы, а тут 40-50-60-80 рублёў».

Гэта дробныя рэчы, кажа паляк, але яны ўплываюць на якасць жыцця.

«Калі чалавек быў у Германіі, Францыі, а пасля прыехаў у Расію і пакаштуе мясцовыя прадукты, то ён адразу зразумее, што нешта не тое. Але трэба мець з чым параўноўваць: калі чалавек з Расіі ніколі не выязджаў, то яму можа падацца, што ўсё добра, што гэты паляк выдумляе?»

Разам з гэтым ён дадаў, што ў Пецярбургу яму спадабалася: людзі там не такія нахабныя, як у Маскве.

«А вось Калінінград — вельмі бедны, людзі жывуць за 20—25 тысяч рублёў у месяц. Гэтай ніжэй за пражытковы мінімум у Польшчы, пры вышэйшых цэнах!..

Я з многімі жыхарамі гаварыў як журналіст і ў мяне пыталіся, як выехаць у Польшчу. Бо ў суседнім Гданьску сярэдні заробак — 85 тысяч рублёў!

Для мяне было шокам, што калі калінінградцы едуць на закупы, яны вязуць з Польшчы нават туалетную паперу», — сказаў паляк.

З абвінавачаннямі ўкраінскіх СМІ ў прарасійскай пазіцыі ён нязгодны.

«Так, расіяне робяць з тых, хто з імі не згодны, «фашыстаў». І я супраць прапаганды. Але калі я паехаў на Данбас і ўбачыў на некаторых байцах «Айдара» шаўроны батальёна СС «Дырлеварнгер» і расказаў пра гэта, то мяне адразу запісалі ў расійскія прапагандысты. Я польскі нацыяналіст, я за сяброўства з Украінай, але я супраць такіх людзей. А ўезд ва Украіну мне забаранілі за нязручныя пытанні ўкраінскім чыноўнікам, што яны будуць рабіць з навучанымі і ўзброенымі неанацыстамі з «Мізантропік Дзівіжн». 

Што да ягонага ўдзелу ў прапагандысцкіх шоу, то Томаш думае, што трэба выступаць, нават калі ты адзін супраць усіх.

«Непрыемна, калі ты гуляеш адзін, і нават вядучы падсуджвае апанентам. Але трэба ісці наперад і казаць праўду, я так думаю Вам можа падацца, што карысці няма ад маіх словаў, але яна ёсць —

пасля бойкі на ТБ мне ў сацыяльных сетках напісала дзве тысячы чалавек з Расіі — гэта былі словы падтрымкі і ўхвалення таго, што я кажу», — упэўнены паляк.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?