Затрыманы супрацоўнікамі КДБ як "падазраваны ў злосным хуліганстве" падчас канцэрту 4 ліпеня 34-гадовы Ігар Корсак не быў сябрам Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ. Пра гэта паведаміў яе кіраўнік Зянон Пазьняк.

Нагадаем, падчас ператрусу ў яго кватэры знайшлі пакет з балтамі і гайкамі. Ігар Корсак паспеў патэлефанаваць і паведаміў, што яго падазраюць у вырабе выбуховага прыстасавання.

Пазьняк заявіў, што Корсак родзіч члена КХП-БНФ.

Пазьняк мяркуе, што ў Беларусі адбываецца "звычайная аперацыя спецслужбаў". "Будуць шукаць гайкі, пакеты, парашкі мыльныя, што хочаш. І вядома будуць шукаць у людзей, у якіх родзічы з апазіцыі, родзічы Пазьняка ці яшчэ каго".

Пазьняк перакананы, што цяпер галоўнае - даваць людзям аб'ектыўную інфармацыю пра падзеі апошніх дзён:

"Яны хочуць людзей запалохаць, каб людзі не займаліся выбарамі, а займаліся ерундой. Вешаюць усялякіх сабак на людзей, займаюцца паляваннем на ведзьмаў. Гэта тыповая работа ўсіх рэжымаў, тым больш НКВД".

Кіраўнік КХП-БНФ лічыць, што мы сталі сведкамі рэалізацыі "падрыхтаванай аперацыі".

"Той хто трымае ўладу, той яе і падрыхтаваў, - кажа Зянон Пазьняк. - Каб не даць людзям займацца выбарамі, а зрабіць выбары свае. Гэта іхны почырк".

Зянон Пазьняк заклікаў не паддавацца страху, які могуць выклікаць шматлікія ператрусы, затрыманні, допыты па справе выбуху 4 ліпеня.

У той жа час Пазьняк выказаў меркаванне, што ў спецслужбаў, якія, на яго думку, арганізавалі выбух, "ужо ёсць чалавек, якога яны падрыхтавалі на вінаватага". "Гэта іхні "свой" чалавек, - кажа Пазьняк. - Магчыма, яны яго "выявяць".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?